Новы тэлесезон "Беларусь 3" адкрывае праграмай "Суразмоўцы"

1 сентября 2018

Прэм'ера на "Беларусь 3". Да Дня беларускага пісьменства адзіны сацыякультурны канал у нашай краіне запускае аўтарскі праект. Новы тэлесезон трэцяя кнопка адкрывае праграмай "Суразмоўцы". У канцэпцыі 15-хвіліннага дыялогу не класічнае інтэрв'ю, а менавіта размова госця і вядучага. Дарэчы, гэтую ролю выконвае аўтар прэм'еры - пісьменнік, публіцыст Навум Гальпярович. Героі праекта - гэта прадстаўнікі культурнай прасторы Беларусі: навукоўцы і педагогі, пісьменнікі і мастакі, артысты і музыканты, а таксама грамадскія дзеячы і многія іншыя. Замест звыклай тэлестудыі антураж для размовы ствараюць інтэр'еры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Госцем першага выпуску "Суразмоўцаў" стане міністр інфармацыі Беларусі, пісьменнік і краязнаўца Аляксандр Карлюкевіч. Прэм'еру штотыднёвага праекта глядзіце ўжо сёння ў 20:00 на "Беларусь 3".