Новы музей адкрыўся ў Віцебску

10 февраля 2018

Музей гісторыі народнага мастацкага вучылішча, якое заснаваў Марк Шагал, адкрыўся ў Віцебску. Галоўным экспанатам мастацтвазнаўцы лічаць сам будынак. Асабняк узведзены больш чым сто гадоў таму і ўцалеў нават падчас Вялікай Айчыннай вайны. З беларускай сталіцы авангарда рэпартаж Марыны Раманоўскай.

Адно дакрананне - і наведвальнік трапляе ў сапраўдны свет авангарда. Сэнсарная відэасцяна - частка экспазіцыі. Разумнымі гаджэтамі абсталяваны ўвесь будынак. Па прыкладзе лепшых музеяў свету.

Галоўным экспанатам мастацтвазнаўцы называюць сам будынак, які ўцалеў нават падчас Вялікай Айчыннай вайны. Асабняк пабудаваў банкір Вішняк у 1913-м. А ўжо праз некалькі гадоў у гэтых сценах адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. Мара Марка Шагала стала рэальнасцю: каб атрымаць мастацкую адукацыю, маладым людзям зараз не трэба было з'язджаць з роднага горада.

Многія педагогі не толькі працавалі ў гэтым будынку, але і жылі. Дубовая лесвіца вядзе ў пакой Марка Шагала. Інтэр'ер узноўлены максімальна дакладна - мэбля, шпалеры, ляпніна. Тут нават наўмысна пакінулі фрагмент паркету, які памятае сляды майстра.

Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча рэстаўравалі па чарцяжах 1923 года. Інтэр'еры пакояў аднаўлялі па фатаграфіях, апісаннях і фрагментах, што захаваліся. Асобная зала прысвечана "Сцвярджальнікам новага мастацтва". Творчае аб'яднанне, створанае самім Малевічам, не мае аналагаў у сусветнай гісторыі.

Спецыялісты падкрэсліваюць: гэта не проста музей, а сапраўдны навуковы і выставачны цэнтр. У залах унікальны клімат-кантроль. А гэта значыць, што беларуская сталіца авангарда зможа прымаць шэдэўры сусветнага жывапісу.