Новы гендырэктар "Беларусьфільма" расказаў аб будучых рэформах

11 июня 2018

"Беларусьфільм" павінен стаць кінафабрыкай: аб будучых рэформах расказаў новы гендырэктар адзінай кінавытворчасці ў нашай краіне. Прыярытэт аддадуць рэнтабельным праектам, нават нацыянальны прадукт сарыентуюць не толькі на беларускі рынак. Па новай камерцыйнай мадэлі будуць працаваць ужо з новага сезона. Так, у верасні пачнуцца здымкі прыгодніцкай карціны паводле кнігі беларускага аўтара Людмілы Рублеўскай "Авантуры Пранціша Вырвіча". Акрамя таго, стаўку робяць на праекты ў капрадукцыі.

Па-ранейшаму моцнай застаецца беларуская дакументалістыка і анімацыя. Сёлета больш за паўсотні дакументальных карцін купіў тэлеканал Viasat History. А ў найбліжэйшай будучыні "Беларусьфільм" разам з польскімі калегамі плануе выпусціць паўнаметражны анімацыйны фільм пра Белавежскую пушчу.

Заўтра ж вялікая творчая дэлегацыя адпраўляецца ў Цындаа. Акцёры, рэжысёры і менеджары прэзентуюць беларускія карціны на азіяцкім кінарынку.