Навагодні баль адбыўся ў старажытных сценах Мірскага замка

4 января 2014

Напярэдадні ў раскошнай Партрэтнай зале далі баль, і свята пачалося. Танцы, оперныя паўзы, майстар-класы па мове веера і, вядома ж, свецкія і настольныя гульні 19-га стагоддзя. І гэта толькі пачатак Мірскіх бальных вечароў.

На адкрыцці пабывала наш культурны аглядальнік Ларыса Гулякевіч.



Сезон навагодніх баляў у Мірскім замку пачаўся. Традыцыя зарадзілася каля 300 гадоў таму. Зараз у 21 стагоддзі некалькі дзён запар тут у Мірскім замку праходзяць балі як у рэтра-стылі, так і для маленькіх прынцаў і прынцэс.


Галоўная частка праграмы Мірскага балю - танцы. Паланэз, полька-тройка, мазурка і кароль балю - вальс. І без галоўнага цырымоніймайстра або танцмайстра тут не абысціся. У часы і Радзівілаў, і апошніх гаспадароў Святаполк-Мірскіх гэтыя знакамітыя асобы (у сучасным паняцці медыйныя персоны) запрашаліся з Еўропы. Задавалі рытм і настрой усяму святу.


Каб падтрымаць традыцыі балю, кожная дама, якая паважае сябе, абавязаная была валодаць мовай веера. Каб, не абразіўшы адмовай кавалера, жэстам паказаць свой настрой.


Гэта толькі другі баль у Мірскім замку. Прыгадваючы старыя традыцыі, тут ствараюцца і новыя, не без элементаў наватарства.


Наперадзе яшчэ два бальныя дні з сучаснай і рэтра-музыкай, фільмамі, гульнямі. Экспазыцыі замкавага комплексу Мір пашыраюцца, ствараецца інфраструктура, а суседзі з Літвы, Украіны, Расіі прыязджаюць сюды на ўсе выхадныя.