Літаральна некалькі гадзін - і ўсе хрысціяне, якія жывуць па Грыгарыянскім календары - каталікі і пратэстанты, сустрэнуць Нараджэнне Хрыстовае! Моцнага здароўя, міру і шчасця пажадаў у сваім віншаванні хрысціянам Беларусі Прэзідэнт.
Заканчваецца пост, у касцёлах і дамах - апошнія падрыхтоўкі, сем'і збіраюцца на святочную вячэру, па традыцыі дзеляцца аплаткамі, а хтосьці загадвае жаданне, сустракаючы ўзыход Віфлеемскай зоркі.
У Беларусі ёсць месца, якое круглы год з'яўляецца ўвасабленнем цудаў. Гэта старажытны Будслаў. Яго завуць духоўным сэрцам Беларусі: на працягу больш чым 4 стагоддзяў дзясяткі тысяч людзей прыязджаюць у гэтае невялікае мястэчка на Мядзельшчыне, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай.
І вось напярэдадні Нараджэння Хрыстовага з самім храмам, які на працягу стагоддзяў дорыць цуд, адбылося неверагоднае. Касцёл заявіў аб духоўнай сенсацыі - у яго сценах знойдзеная бясцэнная рэліквія. Святыня, якая разам з абразом Маці Божай Будслаўскай будзе прыцягваць, апекаваць і вылечваць людзей... Убачыць цудоўную знаходку - з гэтай мэтай напярэдадні святой Каляднай ночы па будслаўскім маршруце адправілася наш карэспандэнт Наталля Бардзілоўская.
118 кіламетраў ад Мінска, каля дзвюх гадзін язды. Па заснежанай трасе мы рухаемся на Будслаў. Больш чым пяцісотгадовы гарадок, збудаваны манахамі-бернардзінцамі, колькі існуе – прываблівае да сябе паломнікаў. Касцёлам - помнікам архітэктуры позняга рэнесансу. Ён адзін з трох у Беларусі носіць ганаровы статус базілікі – асаблівы статус, які прысвойвае сам Папа Рымскі. А перш за ўсе – абразом Божай Маці, які на пачатку 17 стагоддзя прайшоў неверагодны шлях з Рыма праз Мінск і Вільню да беларускай правінцыі. Тут, на Мядзельшчыне, спыніўся на пастаяннае месца і стаў здзяйсняць для людзей цуды: вылечваць хваробы цялесныя і душэўныя.
Звычайны час паломніцтваў у Будслаў – пякучае лета. Другога ліпеня ў гарадок сцягваюцца тысячы людзей рознага ўзросту. З раніцы яны ў храме, на каленках ад касцельнай брамы ідуць да алтара. Увечары ж сама Дзева Марыя нібыта зыходзіць з пастамента і здзяйсняецца велізарны хрэсны ход. На чале яго святая ікона са святым вобразам! Цёплая летняя ноч, тысячы запаленых свечак – гэта відовішчна. Але цяпер з'явілася грунтоўная падстава наведаць зімовы Будслаў.
Гэтыя Каляды Будслаў будзе сустракаць з новай святыняй. Яна не канкурыруе з легендарнай Маці Божай Будслаўскай, але мае не менш цікавую гісторыю. Сваім новаадкрыццём старажытная рэліквія абавязана з'яўленню ў мясцовым касцёле нядаўна прызначанага ксяндза Міхала Бубена. Душпастар чыгуначнікаў – ён даўно шукаў сляды апякункі працаўнікоў далёкіх дарог (хадзілі паданні, што яна ў гэтых мясцінах). У Будславе, які знаходзіцца на старой чыгуначнай ветцы Варшава - Пецярбург.
Нам адзіным з журналістаў дазваляюць прайсці ў закрытую для старонняга вока тэрыторыю – гэта гарышча амаль чатырохсотгадовага касцёла: толькі тут захавалася сведка эпох – першародная цаглінная кладка намоленых стагоддзямі сцен. Гаспадары не выкідваюць змененыя векавыя аконныя рамы. Тут наверсе служыцелі розных часоў хавалі і працягваюць хаваць свой архіў. Сярод пакрытых пылам кніг знайшлася пара з сенсацыйнымі запісамі. У томе ад 1899 года ўказваецца пра існаванне ў Будславе невядомай нам рэліквіі Святой Кацярыны – той самай, якую нашы сучаснікі і лічаць апякункай чыгуначнікаў! Услед шукальнікам адкрываецца афіцыйны дакумент, засведчаны старажытнай пячаткай ад 1730 года: нейкі біскуп Міхаэль Макдоналд пацвярджае: так, святыня існуе і яна арыгінальная.
Ужо ў іншай кнізе ад 1913 года будслаўцы знаходзяць апошні запіс відавочцаў, што сутыкаліся з кацярыненскай святыняй: маўляў, яна мясцілася на адным з васьмі касцёльных алтароў – алтары Святога Антонія. Даследавалі ўказаны алтар, але нічога не знайшлі. Дзе ж сляды згаданай Кацярыны? Першая версія - пасля рэформы Другога Ватыканскага сабору – у 60-ых гадах мінулага стагоддзя, калі адпала неабходнасць служыць літургіі ў кожным алтары, яе зрушылі з месца. Другі момант: пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі царква стала «па законах», магчыма, вернікі схавалі духоўны скарб у сябе? Ксяндзы перашукалі ўсё, але знайшлі! Дзе б вы думалі? На тым жа гарышчы касцёла.
Цяпер святая знаходка – часцінка мошчаў Кацярыны Александрыйскай - размешчана ў капсуле, капсула – у рэліквіярыі. Будслаў – адзінае месца ў Беларусі, дзе знойдзена і будзе захоўвацца такая святыня. Увогуле, мошчы вялікапакутніцы Кацярыны трымаюцца на яе радзіме - у Егіпце, у манастыры на гары Сінай. Як яны трапілі ў Беларусь – невядома!
Святая Кацярына Александрыйская... У чым жа сакрэт гэтай жанчыны, і чаму яна так узрушыла святароў? Чым ушанаваная? Зрэшты, не толькі католікамі – усімі хрысціянамі. Жыццяпіс і духоўны подзвіг - асобы, з асаблівым імпэтам пераказваюць і католікі, і праваслаўныя.
У Александрыі было вялікае паганскае свята, на якім Кацярына выкрыла яго арганізатараў, некаторых схіліла да сваёй веры. Раззлаваны імператар Максіміліян загадаў катаваць дзяўчыну, а потым адсячы ёй галаву. Так і здарылася. Ёй было толькі 18!
У адной руцэ - лілея (сімвал чысціні). Кацярына дала абяцанне Хрысту і не выходзіла замуж. Пад другой рукой – кола і меч. Такой святую вялікапакутніцу намалявала наша зямлячка, мастачка з Маладзечна Ядзвіга Сянько.
На нядаўняй Будслаўскай ўрачыстасці ўнясення ў алтар новаадкрытых мошчаў Святой Кацярыны была асвечана і гэтая ікона. Цяпер абраз разам са святой рэліквіяй адкрыты для пакланення людзей.
Будслаў узбагаціўся святой рэліквіяй. Будслаўскія святары не выключаюць: магчыма, з часам і ў яе гонар будзе ладзіцца падобны летняму духоўны форум. І снег з маразамі не напалохаюць паломнікаў, што прагнуць духоўнага апякунства.













