Нумар тры стаў для іх шчаслівым

24 апреля 2015

Танцавальны дуэт Liveнь у апошнім паўфінале шоу "Я магу!" прадэманстраваў эмацыянальную харэаграфію і сапраўдныя пачуцці. Генадзь Байдак і Юлія Партная ўпэўненыя, што менавіта гэта дапамагло ім выйсці ў фінал. Хаця прызнаюцца, што гэта было няпроста - сапернікі падабраліся моцныя. Да фіналу дуэт рыхтуе новы нумар. У ім Генадзь і Юлія прадэманструюць тое, што яшчэ два тыдні таму здавалася ім самім не пад сілу. Якія яшчэ цуды пластыкі і харэаграфіі пакарыліся танцорам - у рэпартажы Вольгі Халадовіч.

Яны не проста танцуюць, яны жывуць у танцы. І кожны раз прыдумваюць новую гісторыю, дзе з дапамогай рухаў перадаюць каханне, боль, радасць і расчараванне. І гатовыя адточваць сваё майстэрства нягледзячы ні на што.

Непрафесійныя танцоры Генадзь і Юлія даказалі гледачам, журы шоу "Я магу!" і ўсёй краіне, што значыць верыць у сябе. Менавіта яны будуць прадстаўляць Гомель у фінале.

Для таго каб прыдумаць і паставіць гэты нумар, танцавальнаму дуэту Liveнь спатрэбіліся два тыдні. У ім Генадзь і Юлія робяць тое, чаго яшчэ ніколі не рабілі. Рэпеціруюць яны кожны дзень, мінімум па дзве гадзіны.

Генадзь прызнаецца, што за час падрыхтоўкі да фіналу яго рукі сталі як у атлета. А Юлія пахудзела на 3 кілаграмы, касцюмы для выступлення прыйдзецца ўшыць. Пасля кожнай рэпетыцыі маладыя людзі адпачываюць у парку. Аднаўляюць сілы, а яшчэ зноў і зноў успамінаюць, як гэта было.

Усяго за некалькі месяцаў шоу пакарыла краіну. Толькі ў дзень паўфіналу на сайце "Я магу!" Белтэлерадыёкампаніі эфір паглядзелі больш за 6 тысяч чалавек. Прыкладна столькі ж карыстальнікаў адзначыліся на афіцыйнай старонцы "Вконтакте". За тыдзень у шоу ўжо больш як 9 тысяч праглядаў. Самымі актыўнымі гледачамі на гэтым тыдні сталі жыхары Мінска, Віцебска і Бабруйска. Галоўная інтрыга шоу вырашыцца зусім хутка. Самага таленавітага выберуць гледачы ў апошнім фінальным шоу "Я магу!".