Ноч музеяў - 2013

18 мая 2013

Сёння ўвечар практычна ўсю Еўропу агорне музейная ліхаманка. Акцыя парадуе  не толькі знатакоў мастацтва, але і звычайных людзей. Музейную эстафету падхопіць і Беларусь. З сямі вечара і да гадзіны ночы па ўсёй краіне будуць працаваць пункты мастацкага паломніцтва.


Якую праграму прапаноўваюць сталічныя музеі - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Наведацца ў маёнтак шляхціца Завальні прапануе Нацыянальны мастацкі музей. Праект Беларуская ноч ці Музей у фантастычных апавяданнях. У гэту ноч арганізатары будуць эпаціраваць - знакамітыя палотны ў 3D і нават жывапісанне флуарысцэнтнымі фарбамі ў цёмным пакоі. У ролі гаспадара дома сам музейны дырэктар, Уладзімір Пракапцоў.


Дзіяна Шантар, загадчык сектара выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, куратар праекта Ноч музеяў - 2013: Ноч  - гэта ў першую чаргу нейкая таямніца, фантастыка. Хто з беларускіх пісьменнікаў найболей такі фантастычны аўтар, вядома ж, Ян Баршчэўскі і яго твор ШЗ.


Беларускую тэматыку прадоўжаць выставы. У гэты вечар у музеі адкрыюцца адразу тры. Палотны развесяць нават у арт-кафэ. Там жа прапануюць гарачую гарбату і каву.


Дзіяна Шантар, загадчык сектара выставачнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, куратар праекта Ноч музеяў - 2013: Для ўсіх гасцей, якія прыходзяць да нас, якія чакаюць сваёй чаргі, каб купіць білет,  будзе арганізавана з 9 да 11 Музычная рада -  канцэрт для наведвальнікаў.


Паўлінцы - 100. Дарэчы, адзначыць юбілей легендарнага спектакля вырашылі не толькі ў Купалаўскім тэатры. У скверы імя песняра разгорнецца цэлы фэшн-кампус. У своеасаблівы подыум ператворыцца літаратурны музей імя Янкі Купалы. Паўлінка паці. Маладыя дызайнеры прасочаць за эвалюцыяй беларускага касцюма. Ад мінулага да сучаснай авангарднай моды. У будынку і ля ганка музея пад адкрытым небам пройдуць модныя паказы, майстар-класы а-ля Паўлінка-стайл: прычоскі і нават бодзі-арт. Сучасная вечарына з аўтэнтычным адценнем стартуе а 19-ай гадзіне.

Асаблівую ўвагу ў гэтым годзе надалі загадкавай лічбе - 13. Нацыянальны гістарычны музей абяцае бесперашкодны праход усім, хто нарадзіўся 13-га чысла любога месяца. Пры прад'яўленні дакумента. Менавіта ў гістарычным будзе працаваць пакой-выстава Камунальная кватэра нумар 13. Як з калькі, паводле  Булгакава. Але з уласных фондаў музея. У зале сармацкага партрэта ваш у брутальнай тэхніцы намалююць прафесійныя мастакі. Білеты на Ноч музеяў пачалі купляць пару тыдняў таму. Набыць запаветны квіток можна будзе і падчас акцыі. Каб глядзець на мастацтва ў рэжыме нон-стоп.