Ніна Ананіяшвілі выступіла на сцэне Вялікага тэатра Беларусі

7 июля 2014
Па дакументах балерына на пенсіі, а па факце - дзеючая прыма. 51-гадовая Ніна Ананіяшвілі гэтым вечарам выступіла на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Народная артыстка Расіі і Грузіі прывезла ў Мінск тэатр з роднага Тбілісі. Каго з беларусаў зорка балета выбрала сабе партнёрам, у рэпартажы Іны Пілевіч.


На рэпетыцыі яна пастаянна пераходзіць з рускай мовы на грузінскую. Але ўсе цяжкасці перакладу згладжвае міжнародная мова харэаграфіі. Народная артыстка Грузіі і Расіі Ніна Ананіяшвілі (або як ласкава яе завуць Ніно) прывезла ў Мінск балетную трупу з роднага Тбілісі. Танцоўшчыкі больш за суткі праходзілі акліматызацыю на нашай сцэне. Пляцоўка на радзіме плоская, а тут пакатая і ў некалькі разоў большая.
Ніна Ананіяшвілі, народная артыстка Грузіі і Расіі, мастацкі кіраўнік Грузінскага тэатра оперы і балета імя З.Паліяшвілі: Святло трэба выставіць. Гэта ўсё патрабуе вельмі шмат часу, таму атрымліваецца, што цэлы дзень усе службы выкліканыя. Усе імкнуцца зрабіць, каб мы адчулі сябе ўтульна.
Пад апекай танцоўшчыцы 40 чалавек. Гэта не толькі артысты, але і тэхнічны персанал. Калі для тбіліскага тэатра гэта толькі трэці візіт у беларускую сталіцу, то для самой Ніно тут закруцілася ў танцы кар'ера.
Менавіта на гэтай сцэне і пачаўся трыумф грацыёзнай Ніно. У 1986-м Ананіяшвілі разам з Ліепам прыехала ў Мінск для стварэння сумеснага нумара. Беларускія балетмайстры настолькі паспяхова справіліся з пастаноўкай, што дуэт перамог на міжнародным конкурсе ў Амерыцы. Артысты праславіліся на ўвесь свет і атрымалі запрашэнне папрацаваць у вядучых тэатрах.
У 51 яе зграбнасці могуць пазайздросціць маладыя танцоўшчыкі. Каралева сусветнага балета ў Мінску выступае толькі з адным каралём. Нязменны партнёр Ананіяшвілі на нашых землях - Ігар Артамонаў. Народны артыст Беларусі ўжо працаваў у складзе трупы з Тбілісі. На гэты раз яшчэ і замяняе грузінскага артыста, які захварэў, і лёгка ўвайшоў у нацыянальную пастаноўку.
Ананіяшвілі не толькі танцоўшчыца, але і балетмайстар. Пад яе кіраўніцтвам Грузінскі тэатр оперы і балета ведаюць як адзін з самых авангардных у свеце. Гэтым вечарам яна станцавала ўрывак са спектакля Маргарыта і Арман, на пастаноўку якога даў эксклюзіўнае права сам каралеўскі тэатр Ковент-Гардэн.
Ніна Ананіяшвілі, народная артыстка Грузіі і Расіі, мастацкі кіраўнік Грузінскага тэатра оперы і балета імя З.Паліяшвілі: Я рада, што прывезла гэты спектакль у Мінск. Я больш за 105 спектакляў, напэўна, станцавала. І вось гэта адна з маёй апошняй любові, гэта Маргарыта і Арман.
Артысты грузінскага балета завершаць праект Балетнае лета ў Вялікім. 9 ліпеня адбудзецца гала-канцэрт, дзе Ніна Ананіяшвілі на пару з Ігарам Артамонавым дасць прэм'еру. Упершыню на нашай сцэне выканаюць адажыа з балета Таіс.