Ніна Ананіяшвілі зноў у Мінску

26 октября 2013
Напярэдадні на сцэне Вялікага тэатра Беларусі народная артыстка Расіі і Грузіі станцавала Лебядзінае возера Чайкоўскага. Але выхадам у класічных партыях Адэты і Адыліі візіт танцоркі не абмежаваўся. Як харэограф-пастаноўшчык Ананіяшвілі дасягнула дамоўленасці з Вялікім Беларусі аб сумеснай пастаноўцы. Балет Лаўрэнсія - класіку грузінскай харэаграфіі, якая ўжо паспяхова ідзе на сцэнах Міхайлаўскага ў Пецярбургу і Вялікага тэатра ў Маскве, Мінск убачыць прыкладна праз год. Наталля Бардзілоўская - пра ўсё больш падрабязна.

Лебядзіная партыя - каронная і дэбютная ў творчай біяграфіі Ніны Ананіяшвілі. Першыя авацыі - трыццаціхвілінныя бесперапынныя апладысменты - яна, яшчэ быўшы семнаццацігадовай Адэтай-Адыліяй, атрымала ў Гамбургу, дзе ўпершыню ў складзе трупы маскоўскага Вялікага выступіла на гастролях. Сёння балярыне за пяцьдзесят, аднак і ў гэтым узросце прыма ператанцуе ўсіх маладых лебедзяў!

І справа зусім не ў тэхніцы - знакамітыя 32 фуэтэ з трэцяга акта Лебядзінага возера, напрыклад, паспяхова выконваюць і маладыя беларускія Адэты-Адыліі: Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова і Вольга Гайко. Але не менш віртуозным у гэтым балеце лічыцца другі акт і партыя Адэты, дзе ў тэхнічныя рукі, ногі, шыю і спіну танцорка павінна ўкласці столькі душы, каб атрымалася пявучая пластыка лебедзя. У гэтым Ананіяшвілі дагэтуль найдасканалейшая.

Партыі-антыподы - Адэта-Адылія. Дарэчы, раней іх прынята было раздзяляць - дзве розныя танцоркі ўвасаблялі сабою два кантрасныя сцэнічныя вобразы: святла і цемры, дабра і зла. Не кожная сучасная балярына возьмецца адначасова за дзве ролі. Адэта і Адылія - Ананіяшвілі за адзін вечар іграе два характары, два жыцці…


У рэпертуары Вялікага Беларусі Лебядзінае возера - амаль з моманту зараджэння тэатра. Спектакль убачыў свет ў 30-ыя, а ў 80-ыя атрымаў новую рэдакцыю, якая ідзе дагэтуль. Лебядзінае возера з Нінай упершыню на беларускай сцэне, хоць наш глядач памятае Памірючага лебедзя Сен-Санса, якога балярына не раз увасабляла на мінскіх падмостках.

Вопыт частых беларускіх візітаў у Ананіяшвілі вырас у шматлікія наступныя праекты. Ужо не толькі як выканаўца, а як пастаноўшчык і мастацкі кіраўнік Тбіліскага тэатра оперы і балета Ананіяшвілі выглядвае ў нашай трупе яркіх салістаў. Напрыклад, сённяшні партнёр па сцэне - прынц Зігфрыд Ігар Артамонаў - ужо папрацаваў у складзе грузінскай балетнай трупы як запрошаны саліст.

Зараз Ніна прывезла ў Мінск ідэю грузінскай пастаноўкі. Лаўрэнсія - харэаграфія Вахтанга Чабукіяні. Прыкладна праз год - прэм'ера ў Мінску.

Пастаноўшчык - сама Ананіяшвілі. Беларускіх салістаў для балета яна выбера таксама сама, але пакуль гэта сакрэт.