Мікалай Карачанцаў памёр за дзень да свайго 74-годдзя

26 октября 2018

Сумная навіна сёння прыйшла з Масквы. Не стала выдатнага акцёра тэатра і кіно Мікалая Карачанцава. Ролі ў рок-оперы "Юнона і Авось", спектаклях "Тыль" і "Гамлет", карцінах "Сабака на сене", "Белыя Росы", "Прыгоды Электроніка" зрабілі яго кумірам мільёнаў. Карачанцаў шмат працаваў на дубляжы фільмаў, агучваў шматлікія мультфільмы, быў выдатным выканаўцам песень. Акцёра любілі за яго ігру, талент, захапляліся сілай духу, бо пасля страшнай аварыі ў 2005 ён літаральна вярнуўся з таго свету, праўда, так і не змог да канца паправіцца пасля чэрапна-мазгавой траўмы. Народны артыст РСФСР памёр за дзень да свайго 74-годдзя.

Аляксей Дудараў, драматург: "Адзін мой знаёмы пасля чарговага прагляду "Белых Рос" сказаў: "Ну, такога беларуса, якога сыграў, - падкрэсліваю, - сыграў Карачанцаў, не знойдзеш". Мікалай Пятровіч ніколі не іграў, нават самога сябе. Ён размаўляў, ён выказваўся. Ён жыў. І ў гэтым ён заўсёды, гэтай цеплынёй, якой было багата, любові, якой у яго таксама было ў душы багата, ён шчодра дзяліўся з намі".

Развітанне з Мікалаем Карачанцавым пройдзе ў панядзелак, 29 кастрычніка, у яго родным Ленкаме. Дзе будзе пахаваны акцёр, пакуль вырашаецца.