"Нясвіжскіх лыжачнікаў" ведаюць не толькі ў Беларусі

29 сентября 2016

Іх драўляныя лыжкі з запалам гучаць ва ўнісон з гітарай, барабанам, бубнам. "Нясвіжскіх лыжачнікаў" - народна-інструментальны ансамбль - ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Казахстане, Польшчы, Літве. Калектыў - пастаянны ўдзельнік міжнародных конкурсаў. Сёлетні музычны сезон у «лыжачнікаў» з Нясвіжа - дзясяты. Юлія Токар пазнаёмілася з салістамі калектыву і ацаніла энергію беларускай музыкі.

"Славянская", "Лявоніха", "Юрачка" - з запалам у вачах яны іграюць любую беларускую музыку. Іх драўляныя лыжкі сінхронна гучаць ва ўнісон з гітарай, барабанам, бубнам. І нават звычайнай таркай. "Нясвіжскіх лыжачнікаў" - народна-інструментальны ансамбль - ведаюць не толькі ў Беларусі.

Дзесяць гадоў таму энтузіяст і прафесійны музыкант Уладзімір Сухавей стварыў такі аматарскі калектыў, падобных да якога наўрад ці знойдзеш. Артысты ансамбля - гэта студэнты Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа. Лыжачнік Уладзіслаў Сініцын ужо два гады выступае з калектывам. "Заваёўвае" публіку сваімі віртуознымі трукамі падчас нумароў і энергічнай ігрой на імправізаваным інструменце.

Лыжак усяго больш за паўсотні. Самых розных відаў. Вось такія вялікія для акрабатычных нумароў. Адзінарныя для сольнага выканання. А гэтыя «чацьвяртныя» для гукавога эфекту. На іх выконваюць глісанду.

"Папуры" народных мелодый, эстрадныя - з элементамі джаза і рок-н-рола. Праграма лыжачнікаў нагадвае творчы эксперымент. Падчас нумароў артысты стаяць на лыжках і нават рухаюцца, іграюць на шкляных бутэльках і быццам бы танцуюць з бас-гітарай.

Польшча, Літва, Казахстан - з першых хвілін "лыжачнікі" любога гледача зараджаюць энергіяй. Іх арыгінальная самабытная творчасць зразумелая і запамінальная. У гэтым годзе "Нявіжскія лыжачнікі" адзначаць свой першы юбілей. Наперадзе ў юных артыстаў новыя выступленні. І першае на чарзе - пляцоўка ў Мар'інай Горцы падчас кастрычніцкага фестывалю "Напеў зямлі маёй".