Незвычайны праект-інсталяцыя французскага аўтара з беларускімі каранямі

10 августа 2016

Незвычайны праект-інсталяцыя пад назвай "Цёмны лес" французскага маладога аўтара з беларускімі каранямі адкрыўся у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Чым здзівіў беларускую культурную публіку малады Піліп Заслонаў, ведае Ларыса Гулякевіч.

У адным цёмным-цёмным пакоі стаяў цёмны-цёмны лес і гучала там прыемная музыка, а людзі думалі пра яднанне з прыродай і слухалі рытм жыцця.

Інсталяцыя "Цёмны лес" ад французскага маладога аўтара з беларускімі каранямі.

Па-руску ён гаворыць з ледзь чутным акцэнтам, усе гады навучання прайшлі ў Парыжы. Аднак пра свой твор мастацтва выказваецца цікава і змястоўна. Піліп Заслонаў працягвае дынастыю знакамітых Заслонавых.

Піліпу 22 гады, нарадзіўся ў Мінску, але жыве з бацькамі ў Францыі і з гонарам працягвае знакамітую фамілію. Прадзед Канстанцін Заслонаў – легендарны герой вайны, дзед – знакаміты дызайнер, бацька – сусветна вядомы мастак Раман Заслонаў.

Інсталяцыя як від сучаснага мастацтва зарадзілася ў першай палове ХХ стагоддзя. Яе заснавальнікамі былі Марсель Дзюшан і група мастакоў сюррэалістаў. На сённяшні дзень гэта адзін з самых распаўсюджаных відаў сучаснага мастацтва, і многія музеі свету не абходзяцца без экспазіцый-інсталяцый.

Відэаінсталяцыя "Цёмны лес" – гэта другі праект Піліпа Заслонава ў Цэнтры сучасных мастацтваў і яго першая інсталяцыя, дзе цесна зліваюцца прастора, відэа і музыка, якія таксама належаць аўтару. Гэты від мастацтва мае яшчэ адну асаблівасць: ён не застаецца, як карціна, назаўсёды, а доўжыцца толькі падчас экспазіцыі, якая працягнецца ў цэнтры на Някрасава да 3 верасня.