Незвычайныя драўляныя лыжкі вырабляюць у Беразіне

6 февраля 2020
Трэнд на экалагічнасць. Незвычайныя драўляныя лыжкі вырабляюць у Беразіне. Сталовыя прыборы захоўваюць на базе раённага цэнтра рамёстваў. Абрадавыя, паўсядзённыя, сувенірныя - усяго ў фондах каля 300 экспанатаў. Яны зробленыя з бярозы, дуба, ліпы, яблыні і нават ваўчынай ягады. Кожная лыжка адрозніваецца не толькі матэрыялам, формай, але і тэхнікай стварэння. Калекцыя сталовых прыбораў звычайна папаўняецца раз на два гады - пасля конкурсу "Бярэзінскія лыжачнікі". Аднак многія экспанаты ў якасці падарунку прыносілі мясцовыя жыхары і майстры-разьбяры.

Марына Лабковіч, малодшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага раённага цэнтра рамёстваў: "Тут сабраныя лыжкі, якія зробленыя з тых парод дрэў, якія растуць на нашай бярэзінскай зямлі. На гэты момант у калекцыі знаходзіцца 21 лыжка. І кожная лыжка - падказка, з якога дрэва яе выразаў разьбяр. Гэта лісточкі, кветкі, плады. Усе лыжкі не пафарбаваныя, не таніраваныя".

Лыжкі ўжо сталі своеасаблівым брэндам Беразіна. Творамі драўлянага мастацтва цікавяцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. Напрыклад, нядаўна калекцыя выстаўлялася ў Кітаі. Сёлета экспазіцыі сталовых прыбораў споўніцца 10 гадоў.