Невядомыя факты біяграфіі і нехрэстаматыйны вобраз Якуба Коласа

16 июня 2013

Нашым карэспандэнтам стала даступная асабістая перапіска апошніх месяцаў жыцця Якуба Коласа.


Алена Борматава адшукала раней невядомага адрасата.

Тут, у старой частцы Віцебска, ля самай Дзвіны, і жыве жанчына, якой Якуб Колас пісаў у апошнія тыдні жыцця. І пра гэтую перапіску не ведалі нават музейшчыкі. А яны, як ніхто, беражліва ахоўваюць ад наведвальнікаў невядомага, нехрэстаматыйнага Якуба Коласа. У музейных сейфах да гэтай пары пад грыфам сакрэтна - пяшчотная перапіска Песняра. Там больш за сотню лістоў. Забарона ад сям'і коласавай суразмоўцы вось-вось павінна быць знята.


Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: Яна была чарнявая, вельмі сімпатычная і спадабалася Якубу Коласу. Я хачу сказаць гэта шчыра, таму што Якуб Колас, нягледзячы на тое што быў вельмі хворы і быў у даволі састарэлым узросце па тых часах, цяпер гэта і не надта, але ён вельмі любіў прыгажосць, прыгажосць жанчын.


Сёння Аляксандры Сцяпанаўне Каліна - 90. З Коласам яна пазнаёмілася ў маі 1956. Народнаму паэту пераваліла за семдзясят, а яго новай знаёмай - крыху за 30. Якубу Коласу заставалася тры месяцы. Ды і месца іх знаёмства рамантычным не назавеш - бальнічныя калідоры.


Аляксандра Каліна, знаёмая Якуба Коласа: Сын у мяне тут ляжыць, а я яго даглядаю. А ён потым прыходзіў: Ну як, сыну лепш або не лепш? Цікавіўся, як дзіця - папраўляецца ці не.


Пра тое, што перад ёй - Якуб Колас, народны паэт, даволі вядомы чалавек, маладая мама не ведала. Сама з Расіі, дзяцінства прайшло ва Украіне, на Беларусь прыехала за мужам - ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Было такое, што і пазбягала новага суразмоўцы. Бянтэжылася ад такой увагі.


Аляксандра Каліна, знаёмая Якуба Коласа: Я не ведала, што ён Колас. Я бачу, што ён вельмі таленавіты. А ён шукае мяне па бальніцы са мной пагутарыць. Потым я даведваюся, што гэта Якуб Колас.


Якуб Колас паводзіў сябе вельмі проста, ніяк не выдаваў сваёй папулярнасці і даволі высокага становішча. Паэт жа быў і віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук, і дэпутатам Вярхоўнага Савета Савецкага Саюза. Ні разу ў яго руках Аляксандра Сцяпанаўна не бачыла ні паперы, ні ручкі. Ужо сёння мы ведаем, што ў Якуба Коласа вынікам грыпу стала хвароба рук. Ён не мог пісаць. Спадзяваўся на народную медыцыну.


Аляксандра Каліна, знаёмая Якуба Коласа: Мяне здзівіла тое, якім чынам ён запомніў мае прозвішчы, і ў Чашнікі даслаў мне ліст пад прозвішчам дзявоцкім. Шмат лістоў, што ён пісаў, знікла пры пераездзе. Я з Чашнікаў пераязджала сюды і не надала значэння гэтым лістам, і шмат іх знікла, не ўзяла з сабою.


Лісты Якуба Коласа захоўваюцца пад замком разам з сямейным фотаархівам. Дарэчы, той хлопчык - сын Аляксандры Сцяпанаўны, дзякуючы якому яна пазнаёмілася з Якубам Коласам, - сёння хірург. Апроч лістоў, Колас сваёй новай знаёмай у Чашнікі прыслаў і кнігу, выдадзеную ў Ленінградзе ў 1952 годзе. Сёння гэты томік з аўтографам Песняра як вельмі каштоўная рэч захоўваецца ў віцебскай кватэры Аляксандры Каліна.


А 13 жніўня народнага паэта не стала. Аляксандра Сцяпанаўна захоўвае і нумар Віцебскага рабочага ад 15 жніўня 1956 з паведамленнем аб смерці Якуба Коласа ў перадавым артыкуле. Усяго тры месяцы перапіскі. Калі меркаваць па мітуслівасці жыцця - імгненне. І цэлая манаграфія для коласазнаўцаў. Бо лісты толькі-толькі трапілі да музейшчыкаў. А за кожным з іх, напісаным дробным коласавым почыркам, калі не новыя факты жыцця народнага паэта, дык новыя дэталі ўжо даўно вядомых падзей.


Зінаіда Камароўская, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: Тут ён піша, што паедзе ў Барвіху адпачываць, і зноў жа, нягледзячы на тое што ён хворы. Для нас вельмі важны гэты ліст. Ён хворы, ён едзе лячыцца ў Барвіху, але піша: Если удастся, в начале второй декады июня поеду туда, чтобы 11 июля попасть на сессию Верховного Совета СССР в Москве.


Колас усё ж быў на сесіі Вярхоўнага Савета, вярнуўся дадому і рыхтаваўся да 50-годдзя творчай дзейнасці, святкаванне якога выпадала на верасень. Пра гэта таксама паэт пісаў у апошніх лістах. Скардзіўся на выдаўцоў, што тыя не друкуюць Казкі жыцця. Пра гэта мы маглі б і не даведацца. Калі б не знайшлі адну з апошніх невядомых адрасатак Якуба Коласа.