Тыдзень маці падтрымалі ў Нацыянальным гістарычным музеі

17 октября 2013

Тут адкрылася выстава, якая аб'яднала ў сабе і творы мастацтва - палотны вядомага мастака мадоннаў Аляксея Кузьміча, і дакументальныя крыніцы аб вядомых жанчынах краіны, якія сваё мацярынства паспяхова спалучалі з прафесійнай і грамадскай самарэалізацыяй.

Гэтае прысвячэнне мацярынству ўбачыла Наталля Бардзілоўская.


Пабачыць, з якім трапятаннем актрыса Стэфанія Станюта ўсміхалася не гледачу, а малому сынку. Ці пачытаць калыханкі, якія пісала для свайго хлопчыка паэтэса Еўдакія Лось. У Нацыянальным гістарычным музеі дасталі з архіваў усе сведчанні матчынай любові выдатных жанчын Беларусі: фотаздымкі, кнігі, асабістыя рэчы і сямейныя рарытэты вядомых творчых асоб, педагогаў, працаўніц, узнагароджаных высокімі дзяржаўнымі знакамі.


Побач з архіўнымі стэлажамі, да напаўнення якіх далучыўся і Беларускі дзяржаўны архіў - музей літаратуры і мастацтва, - карцінная галерэя. Выстава мадон. Жывапіс Аляксея Кузьміча.


Мастак, які ўславіў мацярынства ў шасцістах палотнах. Аляксей Кузьміч, якога называюць беларускім Рафаэлем, не мог абысці ўвагай Дзень маці і прэзентаваў выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі. Тут - толькі частка работ мастака.


Фрагменты серыі Мадонны, якія плачуць, Мадонны Кіеўскай Русі, партрэты жонкі Інэсы і маці, жаночыя твары сучасніц. Каля паўсотні вобразаў, самыя пазнавальныя з якіх, між іншым, упрыгожваюць старонкі і замежных каталогаў, і энцыклапедый па мастацтве.


Прысвячэнні жанчыне-маці ёсць у майстэрнях амаль што кожнага мастака. Але менавіта Кузьміч пранёс вобраз мадонны праз усю сваю творчасць і стварыў такую колькасць работ. Яго палотны захоўваюцца не толькі ў беларускіх музеях. Яны - у калекцыях Злучаных Штатаў Амерыкі, Еўропы і Расіі.


І сёння на мальберце Кузьміча - новая мадонна.