"Не толькі Бэнксі". Міжнародны стрыт-арт прапануюць паглядзець у Мінску

25 сентября 2019

"Не толькі Бэнксі". Вулічная культура ў мастацкай галерэі. Міжнародны стрыт-арт з Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Расіі прапануе разгледзець з розных бакоў выставачную прастору. Свой погляд на сучаснае ўрбаністычнае мастацтва і ў Ларысы Гулякевіч.

Цэнтрам экспазіцыі з'яўляюцца прынты сусветна вядомага аўтара з нашумелым імем Бэнксі. Работы сучаснага прадстаўніка вулічнага мастацтва были набыты ў Лондане  у галерэі Pictures On the Walls. 

Інтрыга ў тым, што твар англійскага андэграўнднага мастака і рэжысёра  ніхто не бачыў. Адна з версій наконт таго, хто хаваецца пад псеўданімам Бэнксі, - брытанскі мастак коміксаў, заснавальнік групы Gorillaz.

Вулічнае мастацтва захапіла як правінцыяльныя гарады, так і сталіцы свету. Палотнамі для мастакоў служаць не толькі сцены дамоў, але і гарадскі транспарт: веласіпеды, скейты і нават рыдлёўкі, знойдзеныя ў гарадскіх дварах.

Тэму стрыт-арта на выставе раскрываюць і дызайнеры, іх адзенне і аксесуары разлічаны менавіта на гарадскіх моднікаў. Тут і нашумелая карціна з Берлінскай сцяны расійска-нямецкага мастака Дзмітрыя Урубеля. Матацыкл з незвычайным рухавіком чэмпіёна свету па кастамайзінгу Юрыя Шыфа. Сярод заказчыкаў яго майстэрні - сусветна вядомыя акцёры, музыканты і іншыя славутыя персоны. 

Беларускі перформер Міхась Гулін па-свойму падыходзіць да афармлення гарадскіх вуліц з мэтай захавання гістарычных помнікаў і нават брукаванкі. Калі ведаць, колькі каштуе кожны камень,  разумееш, што можна страціць, калі дарогу заасфальтуюць.

На экспазіцыі таксама прадэманстраваны работы мастакоў з Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі і Расіі, якія ў сваёй творчасці выкарыстоўваюць розныя ідэі і сродкі мастацтва ў прасторы гарадскіх вуліц. Убачыць усе работы можна да 21 лістапада, а яшчэ паслухаць адукацыйныя лекцыі і паўдзельнічаць у майстар-класах.