Не стала скульптара Льва Гумілеўскага

4 июля 2021
Без гэтага чалавека цяжка ўявіць гісторыю нашай краіны. Пайшоў з жыцця легендарны скульптар, народны мастак Беларусі Леў Гумілеўскі. Яму было 90. Спачуванні выказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што творчасць Льва Мікалаевіча - неацэнны ўклад у нацыянальную культурную скарбніцу нашай краіны. Дзякуючы сумеснай працы Льва Гумілеўскага з сынам алею ля Вялікага тэатра Беларусі ўпрыгожвае скульптурная кампазіцыя "Балет", а па ўсёй краіне ў бронзе ажылі Радзівілы, Максім Багдановіч, Кірыл Тураўскі, Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і яшчэ дзясяткі асоб, без якіх цяжка ўявіць нашу гісторыю.

Народны мастак -  лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за створаны ў суаўтарстве помнік Янку Купалу ў Мінску. Леў Гумілеўскі нарадзіўся ў Маскве, а пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны разам з бацькамі пераехаў у Нясвіж, дзе пачаў займацца ў студыі ў мастака Міхаіла Сеўрука. Пазней паспяхова скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а ў 1961 годзе - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе некаторы час выкладаў.

Развітанне са скульптарам адбудзецца 6 ліпеня. Пахаваны ён будзе на Усходніх могілках.