Не стала Мікалая Карачанцава

26 октября 2018

Сумная навіна прыйшла сёння з Масквы. Не стала Мікалая Карачанцава. Спачуванні родным і блізкім народнага артыста Расіі накіраваў Прэзідэнт Беларусі. "У памяці мільёнаў людзей ён назаўжды застанецца выдатным артыстам і моцнай асобай. Створаныя ім у кіно і на тэатральных падмостках бліскучыя і незабыўныя вобразы нязменна пакаралі публіку псіхалагічнай пэўнасцю і глыбінёй характару", - гаворыцца ў спачуванні Кіраўніка дзяржавы. У 2005-м Мікалай Карачанцаў трапіў у ДТЗ - атрымаў сур'ёзную чэрапна-мазгавую траўму. Была найскладанейшая аперацыя. Кома. Тая мужнасць, з якой Карачанцаў і яго жонка пераносілі сваю бяду, надавала яшчэ большай павагі яго асобе. Яго сям'і. У 2014-м для прыхільнікаў таленту ўсенародна любімага акцёра было вялікай радасцю атрымаць навіну - акцёр вярнуўся ў строй. Ён зняўся ў новай стужцы. І нам, беларусам, было ўдвая радасна, што гэты фільм - наш, айчынны. Усё роўна, ці быў гэта кінатрыумф - гэта быў трыумф чалавека над складанымі жыццёвымі выпрабаваннямі. І сёння, калі сапраўды вялікі акцёр - наш сучаснік - пакінуў гэты свет, хочацца гаварыць аб тым, што ў большай ступені, чым асабістая хроніка, застанецца ў нашай памяці. Кіно. Тэатр. Творчасць Мікалая Карачанцава, які не пераставаў здзіўляць сваім характарам і талентам.

Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Прастору беларускіх вуліц ён адкрыў для сябе ў 80-ых. У Мінску Карачанцаў - па запрашэнні рэжысёра Ігара Дабралюбава. Масквічу, ленкамаўцу, па амплуа - герою брутальнаму, падцягнутаму (сучаснікі нават параўноўвалі яго з Дэлонам і Бельмандо), прапанавалі ролю вясковага разгільдзяя Ваські Ходаса. Першая думка Карачанцава - адмовіцца.

Ён адразу трапіў у тыпаж. І стаў ледзь ці не сваім, аднавяскоўцам для тысяч беларускіх вяскоўцаў.

Фільму - 35, а ён - штогадовая праграмная класіка айчынных тэлеканалаў. Праўда, шматлікіх калегаў, з якімі рабілася кіно, Карачанцаў перажыў - пайшоў Ігар Дабралюбаў (гэта ён пасадзіў акцёра, вядомага трукамі, да бусла ў гняздо). Няма Стэфаніі Станюты - бабка-Кіселіха па-матчынаму шкадавала шалапутнага Ваську. І Юля Касмачова, якая звала Карачанцава "кіношным таткам", зараз толькі ў памяці і ў стужцы…

Беларуская кінапрэм'ера адкрыла яму Беларусь. З 90-ых Карачанцаў - госць нашай сталіцы. На сцэне філармоніі і Дома кіно - з гітарай, пасля Высоцкага за ім адмысловы жанр - акцёрская песня. Любімчык беларускага экрана і ў студыі на Макаёнка, 9.

Дарэчы, тэлебачанне для яго - асаблівая любоў. З дзясятак экранных праектаў. Праца з агучкай - гэта голасам Карачанцава гавораць героі французскага кіно і савецкіх мультфільмаў.

Ён пачынаў у тэатры. У "Ленкаме" на яго робіць стаўку Марк Захараў. Толькі галоўныя ролі. І дзясяткі спектакляў, якія сталі класікай.

Мікалай Рыбнікаў убачыў у сваіх героях яго з мужчынскім, мяцежным характарам. Карачанцаў у рок-операх: "Зорка і смерць Хаакіна Мур'еты", "Юнона і Авось". Гэта пра яго надрыў, запал і глыбіню так і хочацца сёння сказаць: "Я цябе ніколі не забуду".

У 2000-м Карачанцаў - у Віцебску. На сцэне Летняга амфітэатра пад акампанемент аркестра Фінберга. І ў драмтэатры імя Коласа - у трох пастаноўках. Поўныя залы. Ён прызнаецца, што любіць гастролі.

Ён яшчэ не ведаў беларусаў, а беларусы ўжо ведалі і любілі яго. Па кіно. На экран Карачанцаў літаральна ўварваўся 23-гадовым. "Старэйшы сын", "Дванаццаць крэслаў", "Востраў скарбаў", "Сабака на сене" - тыпажы ад трагіка да гратэска. Больш як сотня роляў. І нават у эпізодах нечаканы і яркі.

Грозны і ў той жа час наіўны Уры - адважны, бесшабашны. Гэтыя кадры 1979-га, здавалася б, напрарочылі Карачанцаву. У 2005-м акцёр у страшным ДТЗ. Доўгая рэабілітацыя.

Але ў кіно ён яшчэ вернецца. І зноў у Беларусі. "Белыя Росы. Вяртанне" - Мікалай Карачанцаў - той жа Васіль Ходас, толькі праз шмат гадоў. Роля эпізадычная, амаль без слоў. Але акцёр здаволіць сваю смагу. Пасля дзесяцігадовага перапынку. І дасць маладым калегам, усім нам урок чуллівасці і мужнасці. Разам са сваёй жонкай.

На прэм'еры ў верасні 2014-га Карачанцаў быў асабіста. Праз пару месяцаў "Белыя Росы - 2" адкрывалі кінафорум "Лістапад". Акцёр любіў фэст, а фэст заўсёды чакаў акцёра. Для яго рыхтавалі асобную ложу. Але ў Мінск Мікалай Карачанцаў больш не вернецца. Як і ў кіно. "Белыя Росы. Вяртанне" - апошняе ў яго творчасці. У 2017-м - новая аварыя. Зноў бальніцы, дыягназы, барацьба. Акцёр пайшоў з жыцця сёння, а заўтра яму магло споўніцца 74. Гэты "Лістапад" ужо будзе без яго...