Не стала народнай артысткі Бэлы Масумян

8 декабря 2020

Сёння не стала Бэлы Масумян. Народнай артыстцы Беларусі было 83. Ураджэнка Украіны скончыла мінскі Тэатральна-мастацкі інстытут і ў 61-м стала часткай трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага. Служыла яму да канца свайго жыцця. Уладальніца "Хрустальнай Паўлінкі", медаля Францыска Скарыны ўвасобіла больш за сотню роляў на сцэне. Гэта яна Маша з "Трох сясцёр", Тэафілія з "Пане Каханку", Місіс Хігінс з "Пігмаліёна". Пры гэтым у кіно практычна не здымалася. Была верная не толькі роднаму тэатру, але і свайму пастаяннаму партнёру (народнаму артысту СССР) Расціславу Янкоўскаму. Менавіта іх дуэт на працягу шматлікіх сезонаў збіраў аншлагі.

У сувязі са стратай у праграме тэлеканала "Беларусь 3" змены. Сёння ў 23:35 на культурнай кнопцы будзе паказаны праект памяці народнай артысткі Беларусі. Час і месца развітання з Бэлай Масумян будуць вядомы пазней.