На 65-ым годзе сышоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч

28 января 2017

Сёння ўначы не стала Аляксандра Ціхановіча. Аб гэтым у сацыяльных сетках паведаміла яго дачка Анастасія. 

Спачуванне родным і блізкім народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча накіраваў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Нарадзіўся народны артыст Беларусі ў Мінску. У 1982 годзе скончыў Беларускую кансерваторыю. Музычная кар'ера пачалася з Сувораўскага вучылішча. Пасля армейскай службы стварыў калектыў "Мінск". Там Аляксандр Ціхановіч працаваў каля года.

З 1973 года быў удзельнікам папулярнага ў 70-ых мінскага ВІА "Верасы". У ансамблі граў на бас-гітары і трубе, выконваў вакальныя партыі. Удзельніцай "Верасоў" была і Ядвіга Паплаўская, якая стала ў далейшым жонкай Аляксандра Ціхановіча.

У 1988-ым годзе разам з жонкай арганізаваў Тэатр песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, пасля ператвораны ў прадзюсарскі цэнтр. Праз гэту студыю прайшло шмат маладых беларускіх выканаўцаў. У 1989 годзе быў створаны Тэатр песні і творчая студыя. Таксама Аляксандр Ціхановіч быў аўтарам і вядучым некалькіх музычных тэлевізійных праектаў.

З 2006 па 2009 год Аляксандр Ціхановіч узначальваў нацыянальны тэлевізійны музычны праект "Еўрафэст" і беларускі адборачны тур да міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне". Свае спачуванні выказваюць Белтэлерадыёкампанія, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, Васіль Раінчык. З Аляксандрам Ціхановічам сышла цэлая эпоха. Развітанне адбудзецца 30 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Аб гэтым паведаміў міністр культуры Барыс Святлоў. Час удакладняецца.