Не стала легенды айчыннай эстрады Аляксандра Ціхановіча

28 января 2017

На 65-ым годзе сышоў з жыцця Аляксандр Ціхановіч. Аб гэтым з сацыяльных сетках паведаміла яго дачка Анастасія. Спачуванне родным і блізкім народнага артыста Беларусі накіраваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Песні ў выкананні Аляксандра Ціхановіча ведаюць меламаны без перабольшання ўсёй постсавецкай прасторы. Музыкант доўгія гады працаваў і набыў славу ў складзе ВІА "Верасы", які грымеў на ўвесь СССР. Апошнім часам выканавец выступаў у дуэце з жонкай Ядвігай Паплаўскай, узначальваў журы шматлікіх конкурсаў, дапамагаў маладым вакалістам. Аб творчым шляху ўсімі любімага музыканта Іна Пілевіч.

Партыю саксафона замянілі гучаннем свістулькі, быццам птушыным пошчакам, і атрымалі хіт. ВІА "Верасы" некалі пераспявалі рэстаранную "Малінаўку" кампазітара Эдуарда Ханка на свой манер і тым самым праславіліся на ўвесь Савецкі Саюз. Артысты ансамбля ўміг набылі папулярнасць. А салісты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч з творчага тандэму перайшлі ў статус яшчэ і сямейнага.

Свае першыя канцэрты ён даваў у складзе духавога аркестра Сувораўскага вучылішча. Аляксандр Ціхановіч дыпламаваны трубач. Скончыў беларускую кансерваторыю. Таленавітага інструменталіста заўважылі і запрасілі ў ансамбль "Верасы". У калектыве стаў іграць на бас-гітары і адкрыў у сабе вакаліста. "Завіруха", Карнавал", "Любви прощальный бал" - зараз залаты фонд айчыннай фанатэкі.

Сыдучы ў сольнае плаванне, Аляксандр Ціхановіч актыўна дапамагаў маладым выканаўцам. Разам з жонкай стварыў творчую студыю, праз якую прайшлі шматлікія беларускія выканаўцы. Нягледзячы на хваробы, не пакідаў сцэну і прадаўжаў запісваць песні. Яго не стала мінулай ноччу на 65-ым годзе жыцця. Развітанне з народным артыстам Беларусі пройдзе ў панядзелак. Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў 11 гадзін у Белдзяржфілармоніі.