Нацюрморт знакамітага мастака Іосіфа Любіча вярнуўся на радзіму

4 июня 2018

Фонды Нацыянальнага мастацкага музея папоўніла палатно прадстаўніка Парыжскай школы жывапісу, выхадца Гродна. Вядомы дэкаратар Берлінскай оперы Любіч выстаўляўся ў мастацкіх галерэях Парыжа, Бруселя, Лондана. У збор музея "Класічны нацюрморт з гарлачом", які ўпрыгожваюць ініцыялы самога майстра, перадало пасольства Беларусі ў Швейцарыі. Карціну набылі на прыватным аўкцыёне ў Ізраілі. Кошт палатна не паведамляецца.

Атанасіяс Акратас, ганаровы консул Беларусі ў г. Цюрыху (Швейцарыя): "Я займаўся пошукам работ Любіча мэтанакіравана. Я знаёмы з творчасцю гэтага выдатнага аўтара. Яго работы карыстаюцца шалёнай папулярнасцю на аўкцыёнах. Самае галоўнае, што гэты нацюрморт зараз належыць музею".

Гэта не першае вяртанне палотнаў Любіча ў Беларусь. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваецца малюнак "Іспанка з гітарай", які перадала дачка знакамітага мастака, а таксама эцюд "Маленькі букет кветак".