Нацыянальны мастацкі музей прэзентаваў выставу аднаго шэдэўра

24 марта 2017

Да Дня нараджэння Мінска - 950-годдзя са дня заснавання горада -

Нацыянальны мастацкі музей прэзентаваў выставу аднаго шэдэўра. Палатно Яна Дамеля "Маленне аб чашы" доўгія гады было ў музейных запасніках. Аб манументальнай працы - Вольга Мядзведзь.

З рэстаўрацыйных майстэрняў - на персанальную выставу. Палатно амаль тры метры ў вышыню набылі падчас навуковай экспедыцыі ў 80-ыя. Да гэтага часу твор знаходзіўся ў сховішчах.

Майстар рэлігійнага жывапісу Ян Дамель напісаў галоўны алтарны каталіцкі абраз за год да смерці. Сюжэт з Бібліі велізарных памераў рыхтаваў спецыяльна да адкрыцця касцёла Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыйскіх могілках. Там жа, у крыпце, і пахаваны прадстаўнік віленскага класіцызму. «Маленне аб чашы» Ян Дамель прызнаў сваёй найлепшай працай. Для цудам захаванага абраза ў музеі зрабілі дубовую састаўную раму. У цэлым кампазіцыя, якую манціравалі фрагментарна, стала важыць больш як 200 кілаграмаў.

Літаральна за паўгода група рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага абнавіла карціну Яна Дамеля. Для палатна такіх памераў гэта рэкорд. Побач з «Маленнем аб чашы» ў экспазіцыі можна ўбачыць фотаздымак абраза да аднаўлення. Фінальныя штрыхі наносілі за некалькі дзён да прэзентацыі шырокай аўдыторыі. Гэта можна ўбачыць і ў выставачнай прасторы. Свежы лак у сваіх бліках хавае яшчэ двух герояў сюжэта - як мяркуецца, апосталаў альбо анёлаў.

Рэальны памер твора - такі, якім ён быў на момант стварэння, цяпер ніхто не назаве. Падчас эвакуацыі шэдэўра з храма Божага была моцна пашкоджана ніжняя частка палатна. Магчыма, менавіта там быў аўтогрф Яна Дамеля.