Алена Борматава больш падрабязна. Дызайн-макет навукова-мастацкага каталога творчасці Рушчыца. У такім выглядзе ён трапіў у выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя". Першае ў краіне сур'ёзнае даследаванне заснавальніка нацыянальнага пейзажу выйдзе да 150-годдзя мастака. Усе работы Фердынанда Рушчыца, якія будуць адлюстраваны ў кнізе, павінны былі з’явіцца і на мінскай выставе. Аднак эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце ўнесла карэктывы і ў міжнароднае культурнае жыццё. Канцэпцыя выставы перагледжана.
Тры работы Рушчыца папоўнілі фонды Нацыянальнага мастацкага музея
Яшчэ некалькі гадоў таму ў беларускіх музейных фондах была толькі адна работа Рушчыца - "Ля касцёла". Яе ў 1957-м купілі ў ленінградскага калекцыянера. Летась Нацыянальнаму мастацкаму перадалі тры раннія работы мастака. Іх набылі ў адзінага прамога нашчадка - унука, таксама Фердынанда Рушчыца. Да канца не вызначана, дзе і калі былі напісаны творы. Магчыма, яшчэ ў Мінску, калі будучы мастак вучыўся ў гімназіі, якую скончыў з залатым медалём.
Жывапісу Рушчыц вучыўся у Імператарскай акадэміі мастацтваў. Дзеля гэтага нават кінуў факультэт права Пецярбургскага ўніверсітэта. Яго настаўнікі Шышкін і Куінджы. Адну з дыпломных работ маладога мастака для сваёй калекцыі набывае Павел Траццякоў. Яшчэ адзін мецэнат - Сава Марозаў - становіцца ўладальнікам "Млына на захадзе сонца". Пасля вучобы Рушчыц вяртаецца ў Багданава. Шмат піша наваколле. Многія работы стварае, далёка не адыходзячы ад сядзібы. Сёння пейзажы Валожыншчыны з'яўляюцца нацыянальным набыткам адразу некалькіх краін, бо палотны Рушчыца захоўваюцца ў музейных зборах Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны.
Знакамітая "Зямля" - сёння адзін з шэдэўраў Нацыянальнага музея ў Варшаве. Мастак маляваў яе ля радавой сядзібы ў Багданаве. Дарэчы, касцёл на некалі адзінай карціне з беларускіх музейных фондаў таксама багданаўскі. Праўда, той, што занатаваў Рушчыц, згарэў у 1944 годзе пры вызваленні Беларусі.













