Нацыянальны мастацкі музей Беларусі на адной выставе прапанаваў працы педагогаў і іх вучняў

12 июля 2016

Больш як 80 твораў жывапісу і графікі. А гэта 4 экспазіцыйныя залы. У рамках праекта "Нашы калекцыі" - Нацыянальны мастацкі музей Беларусі ўпершыню за сваю гісторыю на адной выставе прапанаваў працы педагогаў і іх вучняў.

Алена Борматава аб пераемнасці мастацкіх традыцый. Ад Імператарскай акадэміі мастацтваў да беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Толькі педагогі і іх вучні. На адной выставачнай прасторы. Побач. Такую экспазіцыю Нацыянальны мастацкі ладзіць упершыню. Да гэтага вялі выключна навукова-даследчую працу. Рабілі даклады, пісалі артыкулы. Дэманструюць некалькі эпох. Ад Фёдара Бруні - мастака італьянскага паходжання, які ствараў роспісы Ісакіеўскага сабора, да нашых сучаснікаў Савіцкага і Данцыга.

Майстар рамантычнага пейзажа Вараб'ёў ніхто іншы як настаўнік Івана Хруцкага – гуру нацюрмортаў. Менавіта яго работу бачыць кожны беларус на тысячнай купюры. І гэта той выпадак, калі прозвішча вучня сёння больш вядома, чым прозвішча педагога. Аднак, беларус і шляхціц Хруцкі – выпускнік Імператарскай акадэміі мастацтваў - гэта яшчэ і партрэтыст. Уплыў педагога Брулова.

У назве экспазіцыі Нацыянальны мастацкі адмыслова адыходзіў ад слоў "настаўнік" і "вучань", бо кожны з прадстаўленых мастакоў – энцыклапедычнае імя ў сусветнай і нацыянальнай школе жывапісу. Немагчыма сказаць, хто вышэй ў прафесійным рангу – Шышкін і Паленаў, ці іх вучні Рушчыц і Жукоўскі. Таму і назвалі экспазіцыю проста "Школа класікаў".

"Альпы" Левітана - эцюд - папярэдні накід для будучага твора. І побач жывапісныя пейзажы вучня - беларуса Бялыніцкага-Бірулі, якому Левітан дазволіў працаваць у сваёй майстэрні. Тут жа Каровін, Пранішнікаў - таксама педагогі нашага майстра лірычнага пейзажа.

Сваім вучням настаўнікі, акрамя жывапісных канонаў, перадавалі і педагагічнае майстэрства. Настаўнік Пена - Чысцякоў - найперш праславіўся як педагог, і Пена сёння ў першую чаргу мы ведаем як настаўніка Шагала.