Нацыянальны гістарычны адзначае 60-годдзе

14 декабря 2016

Самы буйны музей краіны - Нацыянальны гістарычны - адзначае 60-годдзе з дня заснавання. У яго фондах - больш за 450 тысяч экспанатаў: ад рэдкіх скарбаў да прадметаў побыту савецкага перыяду і сучасных нацыянальных брэндаў. Шэдэўры па кошце параўнальныя з некалькімі бюджэтамі нашай краіны. У структуры 5 філіялаў, у тым ліку Дом-музей 1-га з'езда РСДРП і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. З юбілеем калектыў музея павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аб музейных фондах і рэдкіх экспанатах - Алена Борматава.

Распараджэнне Савета Міністраў Беларускай ССР ад 15 снежня 56-га аб стварэнні арганізацыйнай групы для адкрыцця Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Фактычна гэта пасведчанне аб нараджэнні ўстановы. Дакумент, які паставіў кропку ў спрэчным пытанні аб даце заснавання самага буйнога музея Беларусі. Музей называюць пераемнікам і царкоўна-археалагічнага, і гісторыка-этнаграфічнага, і Мінскага абласнога. Аднак афіцыйных дакументаў, якія пацвярджаюць гэта, няма. Будынак на Карла Маркса 12, які амаль кожны мінчанін называе проста – музей з гарматай. Музейшчыкі ж гармату лічаць сваім брэндам нароўні з лагатыпам установы.

Збор Нацыянальнага гістарычнага налічвае больш за 450 тысяч адзінак - 50 калекцый. Гэта 14 % ад агульных фондаў усіх музеяў Беларусі. Сёння з-за недахопу плошчаў калекцыі знаходзяцца ў розных месцах Мінска. Аднак гэта не перашкаджае адкрыццю выстаў і прэзентацыі рэдкіх экспанатаў.

Гістарычны – гэта яшчэ музей скарбаў Беларусі. У фондах іх 118. Агульная колькасць прадметаў – 40 тысяч. Дарэчы, кожны з соцень прадметаў скарбу – гэта адзін экспанат са сваім нумарам. Два скарбы – прадметы 1-й катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Гэта грэка-рымскія манеты і знакаміты пояс Вітаўта.

Адзін з экспанатаў, які змешчаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, - царская брама XVIII стагоддзя. Выканана ў тэхніцы беларускай флемскай разьбы. У ёй жа нашы суайчыннікі афармлялі Каломенскі палац у Расіі, які сучаснікі называюць восьмым цудам свету менавіта з-за беларускай разьбы.

У пастаяннай экспазіцыі сёння выстаўлена ўсяго амаль 3 % фондаў. Таму перыядычна арганізуюць праекты, які даюць магчымасць прадэманстраваць фондавыя калекцыі і шэдэўры нацыянальнай спадчыны, у тым ліку каштоўныя металы. Яны размешчаны ў браніраваных вітрынах з некалькімі ступенямі аховы.

Найбольш каштоўныя экспанаты, якія часцей знаходзяцца ў музейных сейфах, на кароткі час змясцілі ў экспазіцыйныя вітрыны. Адмыслова на юбілейную выставу. Прадметы агульнасусветнага значэння, якія вельмі рэдка прэзентуюцца. Тут і набыты не так даўно кубак Агінскага, і нацыянальны брэнд беларусаў – слуцкія паясы.