Нацыянальны гістарычны музей запрашае на выставу "IND-БЕЛ-ART"

17 августа 2017

Індыя вачыма беларускіх мастакоў. Нацыянальны гістарычны музей запрашае на выставу жывапісных і графічных работ «IND-БЕЛ-ART».

Уражаннямі ад ваяжу ў экзатычную Індыю майстры падзяліліся з нашым карэспандэнтам Ларысай Гулякевіч. Індыя – краіна кантрастаў, у якой ёсць усё: пустыні і джунглі, трысняговыя хаціны і палацы махараджаў. Вялізныя Гімалаі і таямнічы Тыбет, свяшчэнная рака Ганг і шматлікія помнікі мінулых стагоддзяў – усё гэта складае нацыянальны гонар краіны.

Якім чынам выказаць найлепшыя ўражанні аб такой краіне, як Індыя? Па-першае, трэба яе наведаць і не сфатаграфаваць, а замаляваць свае эмоцыі. Вынік працы чатырох беларускіх мастакоў – на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Група беларускіх мастакоў (Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Дар’я Бунеева і Вера Ягоўдзік) здзейсніла творчую паездку ў Індыю, якая была прымеркавана да 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Індыі.

Падчас экзатычнага падарожжа мастакі пабывалі не толькі ў сталіцы Нью-Дэлі, але і ў рэгіёнах Індыі. Тадж Махал, Элора, Аджанта... Знаёмства з найбольш знакавымі архітэктурнымі помнікамі, наведванне музеяў, галерэй, устаноў мастацкай адукацыі, а таксама сустрэчы з індыйскімі мастакамі.

Выстава «IND-БЕЛ-ART» прымеркавана і да святкавання 70-годдзя незалежнасці Індыі, якое адзначаецца 15 жніўня.

Акрамя жывапісных і графічных твораў беларускіх мастакоў, на выставе прапанаваныя індыйскія сары, статуэткі, кубкі і іншыя прадметы культуры Індыі.