Найбуйнейшы захавальнік дакументаў гісторыі нашай краіны з пачатку 20 стагоддзя, Нацыянальны архіў Беларусі дэманструе ўнікальнае выданне. Навукоўцам і даследчыкам часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўсім, хто цікавіцца мінулай эпохай, архівісты прапануюць рэдкі том. Кніга 700 лістоў абяцае адкрыць новыя факты аб дзеяннях нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Беларусі і аб спецаперацыях гітлераўцаў.
Падрабязнасці аб праекце - у рэпартажы Наталлі Бардзілоўскай. Сярэдзіна 44-га. Набліжаўся час вызваленчай аперацыі "Баграціён". Каб затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў і засцерагчы свае тылы ад народных мсціўцаў Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны, фашысты згрупавалі армейскія часці, авіяцыю, артылерыю, танкі і ў раёне возера Палік загналі беларусаў "у кацёл". Дзевяць дзён жорсткіх баёў. Але нягледзячы на голад, недахоп боепрыпасаў, раненні партызаны не здаваліся і ноччу на 23 чэрвеня нямецкае камандаванне прыняло рашэнне адступіць і зняць блакаду. Наступала Чырвоная армія. А подзвіг нашых суайчыннікаў, як і крах акупантаў, увайшоў у архіўнае новавыданне...
Да 75-годдзя Вялікай Перамогі Нацыянальны архіў Беларусі падрыхтаваў кнігу пад назвай "Кармаран".Сюды ўвайшлі дакументы, якія раней знаходзіліся пад грыфам "сакрэтна" і тычацца нацысцкай карніцкай аперацыі ў Беларусі мая - чэрвеня 1944 года, а таксама дакументы пра гісторыю беларускага партызанскага руху. "Кармаран" - карніцкі праект, які ў гісторыі вайны азначаны нават больш вялікім, чым славуты "Котбус". Зборнік падрабязна, праз надрукаваныя арыгіналы (загады, зводкі, шыфратэлеграмы) двух бакоў - нямецкага і савецкага, асвятляе падзею. На старонках кнігі - 634 дакументы, а ў іх - падрыхтоўка, рэалізацыя і вынікі аперацыі.
Новавыданне "Кармаран" - не адзіны праект архіва, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Да гістарычнага юбілею тут падрыхтавалі і мультымедыйны праект аб падполлі. Шэраг навукова-практычных канферэнцый і электронных прапаноў, адкрытых баз для вывучэння. Па сённяшні дзень упрыгажэннем архіўнай канферэнц-залы з'яўляецца выстава пад назвай "Выстаялі і перамаглі!". У экспазіцыі - фота- і папяровыя дакументальныя крыніцы, граматы і медалі пераможцаў, кнігі і прадметы з трафейных фондаў. Упершыню архівісты прадэманстравалі вітрыну з малюнкамі партызанскіх мастакоў алоўкам. Фонды архіва, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, былі і застаюцца самымі запатрабаванымі і... далёка не самымі даследаванымі. Гэтыя куфары і папкі тояць яшчэ нямала матэрыялаў. Іх навуковае вывучэнне ў будучыні дасць нямала сенсацый у гісторыі 40-х.
Нацыянальны архіў Беларусі дэманструе ўнікальнае выданне
4 сентября 2020













