Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ўступае ў новы этап

27 января 2013

Гэты крок - адзін з найважнейшых. Бо ад яго і будуць залежаць далейшыя творчыя ідэі і планы купалаўцаў. Архітэктурны партал - вось яна, галоўная мяжа ў Купалаўскім! На гэтым баку рэстаўрацыя, а там ужо рэканструкцыя. Ад старога тэатра, помніка архітэктуры - зала для гледачоў, фае і поўнасцю ўваходная група. І абсалютна новая пабудаваная сцэна і службовы комплекс. І cімвал залы - гэта гіганцкая жырандоля, што бачыла эпохі - вярнулася ў адноўленым выглядзе. Пад яе стыль вырабляліся ўсе астатнія свяцільні: між іншым, з унікальнага польскага шкла. А вось усё драўлянае аздабленне, мэбля - айчыннае, бабруйскае. Беларуская коўка. Новыя інтэр'еры - на амаль што ўдвая павялічанай плошчы - цяпер гэта амаль дзесяць тысяч квадратных метраў. Большых памераў стала і сцэна - пад яе будуць адаптаваць стары класічны рэпертуар. 


Новае сцэнічнае абсталяванне запатрабуе асаблівай падрыхтоўкі спецыялістаў - умення кіраваць такой тэхнікай і яе абслугоўваць. Бліжэй да сакавіка ў купалаўцаў пачнуцца курсы павышэння кваліфікацыі. Іх правядуць нямецкія, шведскія і чэшскія прафесіяналы. Зрэшты, радзіма ўсёй сцэнічнай аснасткі - Чэхія. Васямнаццаць фур механікі коштам шэсць з паловай мільёнаў еўра былі дастаўлены купалаўцам.
Будучай сцэне купалаўцаў можа пазайздросціць любы тэатр Беларусі. Што датычыцца асвятляльнай сістэмы - яна будзе адной з лепшых ва Усходняй Еўропе. Цалкам аўтаматызаваныя пражэктары, вялікі парк дадатковага абсталявання.
Аналагаў гукавому абсталяванню, што будзе ў Купалаўскім, таксама няма - ні ў Беларусі, ні па большасці ў Расіі. Уводзіцца сістэма маршрутызацыі гукавых сігналаў. Яна будзе карэкціраваць акустыку ад партэра да лож, рабіць трохмерныя гукавыя эфекты і ствараць новыя акустычныя элементы.
Для галоўнага тэатра краіны зараз перыяд адзін з самых складаных. Купалаўскі адначасова дае спектаклі на здымных пляцоўках і пераязджае, асвойвае новы дом і найноўшую тэхніку.