Нацыянальная рэліквія вярнулася на гістарычную радзіму

30 сентября 2015

Паясы, якія прынята называць слуцкімі, дастаўленыя ў Мінск са збору мастацкага музея Каўнаса. Сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася перадача і агляд экспанатаў. Шэдэўры ткацтва датаваныя 18 стагоддзем былі вырабленыя на мануфактурах Гродна, Ліпкаўкі, Гданьска і, вядома ж, Слуцка. Бо менавіта Слуцкая мануфактура славілася настолькі высокім прафесіяналізмам майстроў, шаўковыя творы не толькі калекцыянавалі, але і падраблялі. Як беларускі набытак апынулася ў літоўскіх фондах - расследаванне Іны Пілевіч.

Транспарціроўку настолькі каштоўнага грузу даверылі толькі спецыяльнаму аўтамабілю – з мяккімі рысорамі і сістэмай мікраклімату. Тэмпература ў салоне – выключна плюс 18. У герметычнай скрыні з Каўнаса ў Мінск прыбылі кунтушовыя паясы – ад назвы мужчынскай верхняй вопраткі “кунтуш”, паверх якой і павязваўся аксесуар. Для дадатковай аховы ўзоры ручнога ткацтва літаральна ўкруцілі ў спецыяльную трывалую баваўняную паперу.

Датаваныя 18 стагоддзем, іх выткалі на мануфактурах Слуцка, Ліпкаўкі, Гданьска, Гродна. Дарэчы менавіта паясы гродзенскай фабрыкі Тызенгаўза – музейны ўнікум. Асобнікаў практычна не захавалася. Адметнасць гродзенскіх паясоў у фірменным аўтарскім арнаменце, тэкстуры, стылістыцы і адсутнасці метак.

Нацыянальную рэліквію літоўскім фондам падарыла беларуская шляхетка. У 1921 княгіня Марыя Магдаліна Радзівіл перадала музейшчыкам 12 кунтушовых паясоў з асабістай калекцыі. 5 з іх – у гэтыя хвіліны рыхтуюцца да экспанавання ў Мінску. Разам з імі выставяць і богаслужбовыя ўборы.

Элемент прадстаўнічага мужчынскага касцюма стаў літургічным адзеннем. Справа ў тым, што ў 19 стагоддзі шляхта пазбаўлялася правоў, пакідала нашы землі, а кунтушовыя паясы перадавала каталіцкаму касцёлу.

Ужо заўтра кунтушовыя паясы прэзентуюць у акружэнні тых, хто непасрэдна насіў гэты аксесуар. З Каўнаскага збору прыбылі партрэты продкаў княгіні Магдалены Радзівіл. Для шляхцічаў Юзэфа, Яна, Мікалая Завішаў гэта не проста шаўковы элемент строю, а паказчык забяспечанасці, статусу, высакароднага паходжання.