Нацыянальная бібліятэка Беларусі хутка адзначыць 95 гадоў з дня заснавання

11 сентября 2017

Ужо менш як праз тыдзень Нацыянальная бібліятэка Беларусі адзначыць 95 гадоў з дня заснавання. Да юбілею галоўнае кнігасховішча краіны прымяркуе грандыёзную падзею: міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання". На два дні форум збярэ ў Мінску навукоўцаў і выдаўцоў з 24 краін. Адной з унікальных падзей стане выстава "Францыск Скарына і яго эпоха". Аб усім па парадку - Наталля Бардзілоўская.

Упершыню і пакуль толькі для нас. Скарыназнаўца Алесь Суша выносіць з бранірованага пакоя аддзела рэдкай кнігі Статут Вялікага княства Літоўскага. Экзэмпляр ад 1588 года з Латвіі. Кніга страхавога кошту 45 тысяч еўра дастаўлена ва ўмовах павышанай бяспекі. Прайшла інтэлектуальнае суправаджэнне (пацвярджэнне арыгінальнасці).

Рарытэт займае месца ва ўнікальнай вітрыне – такіх у Беларусі больш няма. Зроблена пад міжнародны выставачны праект «Скарына і яго эпоха»: вертыкальны пад'ём, унутры адмысловае асвятленне, тэмпературны і вільготны рэжым, нейтральнае ўмацаванне помніка. І такіх шкляных скарбонак - поўная зала. Як і артэфактаў, што прыедуць на выставу. Уся Еўропа адгукнулася на святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У Мінск штодзень у суправаджэнні дыпламатаў дастаўляюць усё новыя і новыя шэдэўры. Упершыню беларусы ўбачаць 61 выданне Скарыны, арыгінал Бібліі Гутэнберга (піянера еўрапейскага кнігадрукавання), кнігі з дзясятка еўрапейскіх краін.

Аднаго музея старадрукаў аказалася мала - адна з чытальных залаў Нацыянальнай бібліятэкі поўнасцю пераўтворана ў вялізарную выставачную прастору. На двух паверхах – дзясяткі тэматычных зон. Вось рэканструкцыя друкаваных тэхналогій. Плануюць паказаць усё – ад варштацкага станка часоў Сярэднявечча да найноўшых машын 21 стагоддзя. Дзіцячы куток, дзе праз гульню дадуць урок Скарыны. Зона аўдыа- і відэатрансляцый з мегаплазмай і тэрміналамі, месца для 3Д-пастановак.

Пляцоўка для чытанняў і круглых сталоў. Імправізаваная кіназала. А яшчэ выстава ўразіць пакоем для падглядвання.

У гэтую залу уваход забаронены. Глядзець можна толькі зверху ці з бакавога акенца. Сучасная звонку і тэхналагічная ў стылі хай-тэк Нацыянальная бібліятэка прапануе пафантазіраваць, як выглядала старажытная айчынная, напрыклад, часоў Радзівілаў ці Сапегаў 18 стагоддзя. Старадаўнія шафы, паліцы з рукапіснымі і друкаванымі тамамі, глобус. Тут – усё пра гісторыю і эвалюцыю беларускіх бібліятэк.

Да старту міжнароднага кангрэса, як і да адкрыцця выставы, менш за тыдзень. Гэтымі днямі экспазіцыю дапоўняць рарытэты з Расіі, Польшчы і Германіі.