Ад марака да народнага артыста СССР. Яго ролі сталі нацыянальным набыткам. Сёння свой юбілей адзначае народны артыст Генадзь Аўсяннікаў. Пра знакамітага юбіляра раскажа Юлія Лосікава.
Падцягнуты, як заўсёды, у добрым настроі. Дзядзька Гена - менавіта так да яго звяртаюцца ў сценах роднага Купалаўскага, нягледзячы на значны статус, - у тэатры за дзве гадзіны да пачатку спектакля. У афішы заяўлены бенефісны тыдзень - кожны вечар пастаноўка з удзелам Дзядзькі Гены. Цяжка палічыць, колькі іх ужо адыграна. Больш за 60 гадоў у прафесіі, і нязменна на адной драматычнай пляцоўцы Купалаўскага.
Ён адзіны адыграў амаль увесь тэатральны рэпертуар драматурга Макаёнка. Самага знакамітага свайго персанажа - Цярэнція Калабка з “Трыбунала” - іграў аж 20 гадоў, на пляцоўку выходзіў 650 разоў. За гэты час змяніў дзвюх тэатральных жонак. Працаваў на пару з Захарэвіч, а потым склаўся легендарны дуэт з Макаравай.
Камедыя і трагедыя пераплятаецца ў Аўсяннікава ўсё жыццё. Нарадзіўся ў Магілёве, рос без бацькоў у ваенны час. Пасля 7 класа паступіў у машынабудаўнічы, потым паўгода ў мараходным у Рызе, аднак не склалася, вярнуўся ў школу, і там педагогі драмгуртка параілі ісці ў тэатральны інстытут. Нягледзячы на вялікі конкурс, паступіў адразу.
Генадзь Аўсяннікаў амплуа мудрага старога замацаваў за сабой яшчэ ў інстытуце. Усё жыццё іграў герояў ў два разы старэйшых за сябе. Аднак сёння роля нарэшце адпавядае ўзросту. Соты раз выходзіць на пляцоўку у дудараўскім “Вечары”.
Зрэшты, гэта амплуа выкарыстоўвалі і беларускія кінематаграфісты. Стужак няшмат, але запамінальным ён зрабіў кожны вобраз.
Мэтр драматычнай сцэны трымае марку. На бенефіцыянта кожны вечар аншлаг. Аднак самы галоўны выхад сёння – акурат на юбілей у Купалаўскім тэатры - творчы вечар, прысвечаны Дзядзьку Гену.














