Фестываль да дня нараджэння. Народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў 3 лютага святкуе 60-годдзе. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста Беларусі Уладзіміра Пятрова з 60-гадовым юбілеем. Замест бенефісу - шэраг спектакляў з удзелам барытону. Гэта і "Пікавая дама", і "Рыгалета", і "Царская нявеста". Варта адзначыць, што ў лютым у Пятрова яшчэ адзін юбілей - 30 гадоў на сцэне. Да таго ж, на днях залаты барытон Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Алена Борматава - аб юбіляры.
Тое, што ўтоена ад вачэй гледачоў. Закуліссе тэатра. Cпеўка. Абавязковы вакальны рытуал. Нягледзячы на пастаянную прапіску ў рэпертуарнай афішы, перад спектаклем артысты працуюць з матэрыялам. Народны Пятроў таксама. Акрамя спеўкі, яшчэ і некалькі вакальных урокаў.
Падрыхтоўка да сустрэчы з гледачом пачынаецца за некалькі гадзін. У крэсле ў грымёраў - два сцэнічныя ворагі з "Пікавай дамы", у рэальным жыцці - усё зусім не так - побач старэйшы сябар.
Творчасць уральскага хлопца з Чалябінска Валодзі Пятрова пачалася з завадской самадзейнасці. Затым тэрміновая служба ў ансамблі песні і танца, дзе спяваў на слых, не ведаючы нотнай граматы. Пасля арміі - кансерваторыя і Омскі музычны тэатр - аперэты, мюзіклы і казкі. З памятных роляў - Астап Бендэр.
30 гадоў на прафесійнай сцэне. За гэты час Пятроў стаў лаўрэатам пяці прэстыжных міжнародных конкурсаў, у тым ліку і ў Монтэ-Карла. І ён жа першы ў нашым тэатры, у каго з'явіўся імпрэсарыа.
У беларускім Вялікім тэатры Пятроў служыць 24 сезоны. Сюды барытон трапіў з Омскага тэатра. Дарэчы, Беларусь стала не проста новым месцам працы, спявак вярнуўся на радзіму маці. Першай партыяй, якую Пятроў выконваў на сцэне нашага тэатра, стала партыя Анегіна. Яе Пятроў спявае і сёння. У ролі пушкінскага героя, народнага артыста можна будзе ўбачыць у лютым.
Арыстакратычны Пятроў, якога калегі завуць высакародным рыцарам тэатра, гледачы ведаюць як Ялецкага з "Пікавай дамы", Жэрмона з "Травіяты", Дон Жуана. У бягучым рэпертуары ў Пятрова каля трыццаці партый.
Афіцыйна званне народнага Пятроў носіць гадоў 10. Зараз да яго дабавіўся і ордэн Францыска Скарыны. Вакальны ўзровень і майстэрства беларускага барытона маглі чуць на сцэнах сусветна вядомых тэатраў Еўропы. Пятроў часта выступае як запрошаная зорка.













