Народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі пайшоў з жыцця

26 июня 2016

Беларусь сёння панесла незаменную страту. Не стала легенды беларускага тэатра, народнага артыста Беларусі і СССР Расціслава Янкоўскага. Акцёр пайшоў з жыцця сёння раніцай. Яму было 86. 

Спачуванне родным і блізкім Расціслава Янкоўскага выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. 

Старэйшы з роду Янкоўскіх. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён жыў па праграме максімум, не шкадуючы ні душэўных, ні фізічных сіл. Кожная яго новая праца была падзеяй на сцэне тэатра імя Максіма Горкага. Яго вельмі любілі гледачы, усхвалялі крытыкі і рэжысёры. За час творчай кар'еры Расціславу Іванавічу паступалі прапановы з вядучых тэатраў - Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кіева, Ніжняга Ноўгарада. Але з Беларусі ён нікуды не паехаў. На мінскай горкаўскай сцэне Янкоўскі служыў без малога 60 гадоў. "Праўда добра, а шчасце лепш", "Пане Каханку", "Гора ад розуму"… Тут ён пражыў і сыграў каля 200 вобразаў - ад эпізоду да роляў цароў, каралёў і баронаў. А яшчэ былі дзясяткі кінароляў, якія мільёны гледачоў назавуць любімымі. 

За выдатны ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Янкоўскі быў узнагароджаны ордэнам і медалём Францыска Скарыны, прэміяй Прэзідэнта Беларусі "За духоўнае адраджэнне", а ў красавіку стаў адзіным замежным лаўрэатам прэміі "Залатая маска".