Народны артыст Беларусі Арнольд Памазан адзначае 80-годдзе

14 июня 2019

Стыляга ў жыцці і на сцэне, вядучы артыст залатых часоў Купалаўскага. Юбілей сёння адзначае народны артыст Беларусі Арнольд Памазан. Са сваіх 80 52 гады ён на служыць аднаму тэатру. Акцёр і сёння выходзіць на сцэну ў касавых спектаклях "Дзве душы" і "Пан Тадэвуш". З юбілярам сустрэлася Вольга Мядзведзь.

У свае 80 ён кожную раніцу выходзіць на лёгкую прабежку, іграе на вядучай тэатральнай сцэне і марыць пра новыя ролі, хай хоць у эпізодзіку. Але ж у свой час бацькі лічылі акцёрскую справу несур'ёзнай. Спрабаваў паступіць і на ўрача, і на шахцёра, але некалькі гадоў у яго сэрцы былі цягнікі. 

Быў тым яшчэ стылягам і з сябрамі нават  уцякаў ад міліцыі. Паступаў у Маскву, але трэці тур не прайшоў з-за тэатральнага вопыту. Раззлаваўшыся, пайшоў нават у Мінкульт СССР. Адтуль яго накіравалі ў мінскі інстытут. 

Прыёмнай камісіі ў Купалаўскім Арнольд Памазан з напарнікам паказалі ўрывак на французскай мове. З курса выпускнікоў тэатральнага інстытута ён быў адзін з двух, каго запрасілі на самую прэстыжную сцэну. 

Немец у "Канстанціне Заслонаве" - самая першая роля Арнольда Памазана ў Купалаўскім, дзе ён нязменна служыць ужо 52 гады. Падчас гэтай пастаноўкі, калі ў зале сядзелі дзеці, даводзілася ўвесь час апускаць каску на вочы: дзятва кідала ў артыстаў дроцікі, бо не любіла немцаў і верыла, што яны на сцэне сапраўдныя.

Але самая запамінальная роля артыста з той сотні, вядома ж, пан Быкоўскі з "Паўлінкі". На пляцоўцы герой у адзіным яго выкананні жыў 32 гады, больш за тысячу спектакляў, і за гэты час змянілася пяць афіцыйных Паўлінак! Яго пазнавалі на кожным выязным паказе на вёсцы і танцавалі разам з панам Арнольдам Памазанам.