Народны ансамбль "Сваякі" стаў лаўрэатам спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі

19 января 2019

Амаль 40 гадоў разам. Народны ансамбль "Сваякі" з Ваўкавыскага раёна стаў лаўрэатам спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва за 2018 год. Браты, сваты, нявесткі і сёстры - адным словам, блізкія людзі - стварылі свой сямейны калектыў яшчэ ў пачатку 80-х і да сённяшняга дня радуюць гледачоў беларускімі народнымі песнямі і танцамі.

Пра музыкантаў у трэцім пакаленні - рэпартаж Юрыя Карняловіча.

Кожныя выхадныя ўдзельнікі сямейнага ансамбля збіраюцца ў сельскім клубе на рэпетыцыю. Абмяркоўваюць рэпертуар, развучваюць новыя песні. І ў такім рытме артысты-аматары жывуць ужо больш за 30 гадоў. Усе яны паміж сабой родныя людзі - дзядзькі, сваты, браты і нявесткі. Адпаведная і назва калектыву - "Сваякі". Кіраўнік ансамбля Марыя Бачынская з гордасцю расказвае пра свайго бацьку. Менавіта ён прывіў любоў да музыкі ўсяму роду. А калі ў пачатку 80-х сталі арганізоўваць калектыў, актыўна ўдзельнічаў у выступленнях. За гаспадаром прыйшлі і ўсе сваякі.

З гадамі змяняўся склад ансамбля, аднак слова “сямейны” для ўсіх удзельнікаў было вызначальным. Музыканты нават жонак сабе падбіралі з выдатным слыхам і голасам. Менавіта сямейнасць, сцвярджаюць музыканты, галоўная прычына творчага даўгалецця ансамбля. Сёння "Сваякі" - гэта культурны брэнд Ваўкавыскага раёна. З гастролямі калектыў праехаў амаль усю Гродзенскую вобласць. Не аднойчы былі ўдзельнікамі фестываляў у суседняй Польшчы. І ўсюды прапагандавалі беларускую культуру, самабытныя традыцыі і беларускую песню.

За шматгадовую працу на ніве культуры "Сваякі" сталі лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Такое прызнанне, паводле слоў артыстаў, натхняе на новыя здзяйсненні. Калектыў ужо рыхтуе новую канцэртную праграму і плануе гастрольны тур па самых аддаленых вёсках рэгіёна. Менавіта там іх чакаюць самыя адданыя гледачы.