Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву - 95

5 февраля 2018

Мастак, які ўвайшоў у хрэстаматыю нацыянальнай і сусветнай культуры. Леанід Шчамялёў сёння адзначае юбілей. Майстру - 95! Франтавік, педагог, народны мастак Беларусі адзначае персанальнай выставай у Нацыянальным мастацкім музеі.

Галоўны музей краіны. На палатне 1967 года - мама мастака і яго старэйшая сястра. Захапленне сына маляваннем маці-швачка заўсёды падтрымлівала. Шмат працавала, здаралася, нешта прадавала з асабістага, каб у дзяцей ўсё было. У юбілейнай экспазіцыі сям'і Шчамялёвых прысвечаны вялікі блок. Мастак заўсёды пісаў блізкіх: цярпеў крытыку за шматлікія партрэты жонкі Святланы. Маляваў трох дачок і сына. На адной з найноўшых яго работ - унук Міця.

Яго апошняе захапленне – нацюрморт у малюнку. Пазнавальныя яркія фарбы і фірменны белы. Пастаянства стылю. Парушаны хіба што былы працоўны тэмп.

Майстар «суровага» стылю. Яго руку ставіў Віталь Цвірка. Сам Шчамялёў выхаваў не адно пакаленне жывапісцаў. Мінская «глебаўка», школа Ахрэмчыка. Не ўсе выпускнікі падхапілі традыцыі рэалізму, але многія самі цяпер - народныя.

Леанід Шчамялёў з пакалення тых мастакоў, якія, як творцы фарміраваліся ў няпростыя ваенныя часы. Сам франтавік, ён бачыў трагедыю Вялікай Айчыннай, яе выпрабаванні. Таму тэма вайны - адна з галоўных у творчасці. Праўда, ваенныя сюжэты майстра напоўнены святлом, жыццялюбствам, нават лірычнасцю. Драма - нібыта на другім плане.

«Маё нараджэнне» - гімн жыццю. У вайну кавалерыст Чырвонай арміі. Шчамялёў пакінуў шмат лірычных сюжэтаў з конямі. Пісаў Мінск, горад які стаў другой Радзімай, сам жа родам з Віцебска. Аўтар партрэта Купалы.

Майстру пазіравалі Быкаў, Лучанок і Савіцкі. Сёння Леанід Шчамялёў асабіста адкрые персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.