Народнаму артысту Беларусі і Савецкага Саюза Ігару Лучанку споўнілася 80 гадоў

6 августа 2018

Сёння народны артыст Беларусі і Савецкага Саюза Ігар Лучанок прымае віншаванні. Кампазітару, якога ведаюць і любяць шматлікія пакаленні, споўнілася 80. Лучанок стаў увасабленнем цэлай эпохі ў мастацтве, прыкладам патрыятызму і любові да сваёй малой радзімы. Аўтар мноства твораў, якія застаюцца папулярнымі і праз дзесяцігоддзі, - "Алеся", "Полька беларуская", "Мой родны кут". Яго творчасць - сапраўды візітная картка нашай краіны. З юбілеем Ігара Міхайлавіча павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Пра народнага юбіляра Наталля Бардзілоўская.

У свае 80 верны камсамолу Ігар Лучанок вырашыў сустрэць юбілей сярод аднадумцаў - камсамольцаў далёкіх 60-70 і сённяшняй моладзі.

Адзін з першых лаўрэатаў прэміі Ленінскага камсамола. Песеннік, які ўславіў рамантыку моладзевых будоўляў, савецкіх БАМа, Паўночнага флоту і Палярнага круга, фестывальных Берліна і Кубы, сёння ён быццам вярнуўся ў маладосць і блізкую па духу атмасферу любові да радзімы. Як і належыць кампазітару - на сцэне, ля інструмента, гатовы ў любую хвіліну музіцыраваць - прымаў віншаванні ад правапераемнікаў камсамола, прыхільнікаў розных узростаў, рангаў і прафесій.

Барткевіч і Касенка - прывітанне ад тых, аўтэнтычных "Песняроў", з якімі ў Лучанка доўгія гады творчасці і сяброўства. Калісьці знакаміты калектыў даў жыццё яго лірыцы. Ён жа прывіў уральцу Мулявіну густ да беларускай песні.

Мэтр з унікальнымі статусамі: кіраўнік Саюза кампазітараў, выпускнік трох музычных ВНУ (Мінска, Пецярбурга, Масквы) і сам прафесар, экс-рэктар беларускай кансерваторыі.

Сцэнарыст гэтай стужкі Дудараў нагадвае, што Лучанок не толькі акадэміст, хрэстаматыйны аўтар кантат, сонат і ўверцюр, унікальны песеннік. Ён запомніцца па кіно.

Сёння сам герой кінахронікі - Лучанок - быццам перагортваў сваё жыццё. "Аб песнях, аб Радзіме і аб сябрах" - стужка, якую спецыяльна для юбіляра прэзентавалі ў Доме моладзі.

Сённяшняя ўрачыстасць - толькі частка святкаванняў у гонар Ігара Лучанка. Яго юбілей увесь год уся краіна адзначае з вялікім размахам. Вялікія і малыя канцэрты, выставы, кіна- і тэлепрэм'еры, песенны фестываль у Маладзечне і "Славянскі базар у Віцебску" сёлета прайшлі пад знакам 80-годдзя кампазітара. У канцы верасня народны артыст СССР збярэ сваіх прыхільнікаў і калег на творчы вечар у Белдзяржфілармонію.