Народнаму артысту Беларусі Аляксандру Яфрэмаву сёння 65

1 мая 2016

Акцёр, рэжысёр, сцэнарыст. Праз яго работы прайшлі ўсе айчынныя майстры сцэны і кадра. Ужо 20 гадоў Яфрэмаў узначальвае ў Акадэміі мастацтваў майстэрню рэжысёраў мастацкага фільма. Пра пастаноўшчыка дзясятка спектакляў і вядомых стужак - "Павадыр", "Дунечка" і "Снайпер" - у рэпартажы Вольгі Мядзведзь.

"Стоп! Знята!" і "Дзякуй, рэпетыцыя закончана". Зараз абедзве фразы аднолькава блізкія Аляксандру Яфрэмаву. Але калісьці жаданне стаць рэжысёрам здавалася за межамі магчымага. Конкурс ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, альма-матар майстра, быў 200 чалавек на месца. Але з 15 чалавек набранага курса ў прафесіі засталіся толькі двое. Адзін з іх менавіта Яфрэмаў.

Аднак перш яго прывабіла акцёрства. Паступіў у тэатральнае горада Горкага, адкуль сам маэстра родам, аднак надоўга там не затрымаўся, адвучыўся ўсяго год. Падаць дакументы на рэжысуру не паспеў і пайшоў служыць у армію. Там і напісаў работы на папярэдні адбор. Апынуўся сярод 15 вучняў курса Аляксандра Столпера, дзе студэнцтва праляцела неўзаметку.

Пасля заканчэння Інстытута кінематаграфіі для маладога рэжысёра дзверы расчыніў менавіта "Беларусьфільм". І ўжо праз год пасля прыходу была выпушчана першая карціна: адна з трох навел фільма "У профіль і анфас". Зараз у Яфрэмава з два дзясяткі кінастужак. Праз камеру на яго здымачнай пляцоўцы прайшлі не толькі артысты айчыннага кіно і тэатраў, але і замежныя селебрыці.

Яфрэмаў, заядлы кіношнік, здымае і зараз. Вось ужо 25 гадоў ён "павадыр" у Тэатры кінаакцёра. Дзясятак спектакляў, дзе ён не толькі рэжысёр, але і акцёр. Пастаноўкі Яфрэмава збіраюць аншлагі дагэтуль.