Напярэдадні ўвечары ўся Еўропа літаральна прытулілася да экранаў тэлевізараў

20 мая 2015

У Мінску ў падтрымку Юзары і Маймуны ў шматлікіх кафэ і рэстаранах былі арганізаваныя еўравечарынкі. Наталля Кузьміцкая – больш падрабязна.

Нягледзячы на далёка не выхадны аўторак, усе столікі ў адным са сталічных караоке-бараў занятыя. Вечарынка ў падтрымку выступлення беларускіх выканаўцаў на "Еўрабачанні" сабрала самых заўзятых фанатаў.

Беларускі дуэт з меладычнай песняй "Time" у першым паўфінале выступае пад нумарам 11. Над стварэннем кампазіцыі і вобразаў удзельнікаў для конкурсу каманда прафесіяналаў працавала амаль 5 месяцаў. Відэакліп Юзары і Маймуны на Youtube ужо сабраў больш як 1000 000 праглядаў.

Самі артысты па асобнасці і парай узначальваюць рэйтынгі самых прыгожых удзельнікаў.

Ну вось, Юзары і Маймуна пакінулі сцэну "Вінер Штадхале", нашы выканаўцы выступілі на 100%, беларусы не могуць галасаваць за сваіх артыстаў, зрэшты, гэта не перашкаджае нам хварэць за іх ад усёй душы!

Яшчэ пяць нумароў, галасаванне і вось на галоўнай сцэне "Еўрабачання" ў Вене з'яўляюцца вядучыя для аб'яўлення вынікаў. Нягледзячы на высокія рэйтынгі букмекераў і добрыя водгукі музычных крытыкаў, еўрапейскі глядач распарадзіўся па-свойму. Юзары і Маймуны ў фінале мы не ўбачым.

Аляксей Грос, спявак: "Я мяркую, не варта хвалявацца. Яны паказалі сябе вельмі годна, нам не было сорамна, мы ганарымся Юзары і Маймунай. Уся Еўропа трапятала пасля іх выступлення. Гэта чулі ўсе, выдатная песня, выдатная праца ўсёй каманды".

Шоу ў прамым эфіры глядзелі 200 млн. чалавек. У Інтэрнэце выступленне беларускага дуэта абрастае толькі станоўчымі каментарыямі. Прафесіяналізм і выкананне беларускіх канкурсантаў ацанілі іх калегі па сцэне.

Ірына Дарафеева, спявачка, народная артыстка Беларусі: "Вядома, з заміраннем сэрца мы ўчора глядзелі выступленне Юзары і Маймуны. Яны былі выдатныя, была цудоўная энергетыка, і гэта было сапраўды годнае выступленне. Можа быць, антураж сцэнічны не настолькі быў яркі, як у іншых артыстаў, але я разумею, што гэта не ад іх залежала. Мы, на жаль, ніяк не можам уплываць на гэтае галасаванне, але, калі сапраўды, я была ўпэўненая, што яны пройдуць у фінал".

Нягледзячы на вынікі конкурсу, Юзары і Маймуна для беларускіх балельшчыкаў усё роўна пераможцы, годныя фіналу.