Напярэдадні ў Мінску адгрымеў канцэрт легендарных Depeche Mode

14 февраля 2018

Напярэдадні ў Мінску адгрымеў канцэрт легендарных Depeche Mode. Шоу, запланаванае на ліпень мінулага года ў беларускай сталіцы, было адменена за некалькі гадзін да старту. Франтмену калектыву Дэйву Гаану спатрэбілася тэрміновая шпіталізацыя. Перамовы аб правядзенні канцэрта ў беларускай сталіцы ўвесь гэты час вяліся з прадзюсарскім цэнтрам гурта. Як вынік - Мінску ўсё-такі ўдалося трапіць у графік гастрольнага тура. Ці было вартае таго чаканне, ведае Дар'я Тарасава.

Фаны Depeche Mode радуюцца. Мінчан артысты не кінулі, а выправілі сітуацыю. Шоу ў "Мінск-Арэне" перанеслі на другую частку еўрапейскага Global Spirit Tour. Рэйсам Гданьск - Мінск гурт прыляцеў у беларускую сталіцу напярэдадні канцэрта. З сабой у брытанцаў 11 фур тэхнічнага абсталявання. "Дэпешы" славяцца светлавымі шоу.

Гучанне тэхнарамантыкаў Depeche Mode і сёння ў трэндзе, а гурту пераваліла за 30. Гарачая тройца, яны ж заканадаўцы моды музычнай індустрыі Дэйв Гаан, Эндру Флетчэр і Марцін Гор, якія ўпершыню злучылі электрамузыку і рок, ведаюць, як завесці залу. У "Мінск-Арэне" прэзентуюць нашумелы 14-ы студыйны альбом Spirit. У яго падтрымку "Дэпешы" і калясяць па Еўропе. У кулуарах пласцінку ўжо назвалі адной з самых паспяховых за ўсю гісторыю гурта. Над 12-ю трэкамі музыканты працавалі 4 годы ў плюс, у выпадку з Мінскам яшчэ 7 месяцаў. Дарэчы, візуальны рад, які ўбачылі мінскія гледачы на святлодыёдных экранах ззаду выканаўцаў, - заслуга галандскага кліпмейкера Антона Карбейна. Depeche Mode называюць фатографа пятым салістам. Менавіта ён з'яўляецца стваральнікам сцэнаграфіі шоу музыкантаў, вокладак СD і рэжысёрам кліпаў.

Дэйв Гаан не толькі галоўны голас, але і душа Depeche Mode. Саліст апраўдаў сямімесячны прагул перад мінскім гледачом, уразіўшы меламанаў не толькі вакалам, але і эпатажнымі танцавальнымі па. Канцэртная праграма "дэпешаў" - гэта не толькі песні з новага альбома Spirit, але і самыя папулярныя з трэкаў брытанцаў. На фінал культавая Enjoy the Silence. Песня ўваходзіць у сотню лепшых кампазіцый свету.

Гледачы захавалі білеты, набытыя на ліпеньскае шоу "Дэпешаў", і не пралічыліся. Канцэрт стаў падзеяй для беларускіх меламанаў і для тых краін, дзе турнэ не праходзіць. Дарэчы, самі тытаны электроннай музыкі ў еўрапейскім туры да ліпеня. Фінальны акорд на гастрольнай карце - Берлін.