Надзея Місякова знаёміцца з Мальтай

12 ноября 2014

У гэтыя хвіліны наша прадстаўніца на дзіцячым Еўрабачанні ўпершыню рэпеціруе пралог шоу. Таксама праз некалькі гадзін Надзея Місякова ўпершыню праспявае на сцэне сумесную з іншымі ўдзельнікамі песню. Прамая трансляцыя дзіцячага Еўрабачання ўжо ў суботу 15 лістапада на каналах Беларусь 1 і Беларусь 24. Гледачы спадарожнікавага вяшчацеля могуць галасаваць за нашу канкурсантку з-за мяжы. А пакуль наша Надзея паспявае не толькі рыхтавацца да выступлення, але і знаёміцца са славутасцямі Мальты, якая прымае штогадовы 12 песенны конкурс. Іна Пілевіч - больш падрабязна.


Кандыцыянеры не ўключаць, газіроўку не піць, вострае, арэхі, семачкі не ўжываць. Надзея Місякова і яе каманда на дзіцячым Еўрабачанні прытрымліваюцца строгага рэжыму. Вакалістка, вяшчальнік і нават балет кожную раніцу перад снеданнем наведваюць урача-фаніятра Наталлю Канойку. Медыцынскі кабінет арганізаваны прама ў нумары гатэля. Вынік агляду - вакалістка ў норме, а вось танцоўшчыцам трэба рабіць заліўкі, усё для таго, каб у эфіры дзіцячага Еўрабачання ўсім быць у галасавой форме.


Наталля Канойка, урач-фаніятр: Мы паехалі з Беларусі, калі было цёплае надвор'е, пераехалі ў зусім іншы клімат. Тут вельмі вільготны клімат, вельмі моцныя ветры, вельмі рэзка мяняецца надвор'е - то мы ў майках, то мы ў куртках. Таму трэба быць напагатове.


Надзею Місякову павітаў захавальнік замка інквізітараў. Удзень беларуская дэлегацыя наведала адзіны ў сваім родзе музей, які налічвае 5 стагоддзяў. Маленькім артысткам прапанавалі не толькі азнаёміцца з экспанатамі, але і прыняць удзел у інсцэніроўцы падзей тых часоў. Ігралі па-сапраўднаму — у рэканструяваных касцюмах мінулай эпохі.


Надзея Місякова, прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні Еўрабачанне-2014: Нам прапанавалі пабыць памочнікамі кардынала і прыбралі ў касцюмы 16 стагоддзя. І мне расказалі, што мой касцюм - дзяўчыны якога-небудзь каралеўскага роду.


Мальтыйскія ласункі сваімі рукамі. У музеі беларускія ўдзельніцы сачылі за прыгатаваннем пячэння ў форме вялікай косці, такую выпечку на Мальце са старажытных часоў гатуюць толькі ў лістападзе ў памяць аб продках. Далей знаёміцца з экзатычнай культурай вострава Міжземнамор'я беларуская дэлегацыя адправілася пяшком. Пасля невялікага адпачынку Надзею чакаюць увечары рэпетыцыі шоу і сумеснай кампазіцыі ўсіх удзельнікаў дзіцячага Еўрабачання.


На Мальце падарожнічаць з аднаго горада ў другі - тое самае, што ў Беларусі перайсці на іншую вуліцу. На маленькай тэрыторыі краіны змяшчаецца вялікая колькасць населеных гарадоў. Дзясятак вуліц з некалькімі сотнямі жыхароў тут успрымаюць як тэрытарыяльную адзінку. Таму за пару дзён еўратыдня беларуская дэлегацыя паспела наведаць некалькі гарадоў.