Трансляцыя нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" ў 22:00 пачнецца адразу на пяці медыяплатформах

7 марта 2019

Хто атрымае пуцёўку ў еўравізійны Тэль-Авіў і прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе, даведаемся ўжо сёння. Шоу стане вырашальным для аднаго з 10 фіналістаў нацыянальнага адбору.

Некалькі гадзін таму завяршыўся  генеральны прагон. Удзельнікі ўнеслі выніковыя штрыхі ў свае нумары. Зараз у студыі "600 метраў" -  падрыхтоўка да эфіру. Дарэчы, гледачоў чакаюць новаўвядзенні. Упершыню ў тэлепавільёне на Макаёнка, 9   подыумы, якія дазволяць артыстам узаемадзейнічаць з танцпляцоўкай. Пераможца вызначыць  журы. Гэтым разам  на працягу ўсяго шоу яно будзе знаходзіцца  на сцэне. Фішка "Еўрабачання" - грын-рум для фіналістаў. Размаўляць з вакалістамі адразу пасля выступлення будзе наш калега, культурны аглядальнік Агенцтва тэленавін.

Нагадаем, прамая трансляцыя гала-канцэрта пачнецца ў 22 гадзіны. Назіраць за шоу можна адразу з пяці медыяплатформ. Гэта тэлеканал "Беларусь 1", спадарожнікавы "Беларусь 24" і радыёстанцыя "Радыус-FM", а таксама  анлайн на сайце Белтэлерадыёкампаніі - tvr.by.