На сцэне Купалаўскага прэзентавалі сучасную п'есу "Каханне як мілітарызм"

5 Чэрвеня 2016

Тэатральная прэм'ера па сцэнарыі да фільма. На сцэне Купалаўскага прэзентавалі сучасную п'есу "Каханне як мілітарызм" расійскага драматурга Пятра Гладзіліна. Гэта ўжо трэцяя спроба пастаноўкі спектакля не на галоўнай пляцоўцы тэатра, а ў камернай зале. Такім чынам гледачы таксама становяцца ўдзельнікамі дзейства. З тэатральнага бункера - Вольга Мядзведзь.

Эксперыментальная пляцоўка ў акадэмічным тэатры. Паўгода як камерную залу Купалаўскага аддалі пад дыпломныя працы студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Але нягледзячы на тое, што гэта пастаноўкі рэжысёраў-пачаткоўцаў, яны займаюць паўнапраўнае месца ў рэпертуары купалаўцаў.

Спектакль па кіношным сцэнарыі. Сучасны расійскі драматург Гладзілін спачатку напісаў «Каханне як мілітарызм» як п'есу для фільма, але пасля адаптаваў яе і для тэатра. Тэкст прэм'еры спецыяльна для Купалаўскага перакладалі на беларускую мову. Аўтарскі арыгінал не скарачалі, каб не страціць метафарычнае апісанне адносін паміж галоўнымі героямі.

Рыхтаваць прэм'еру прыйшлося ў невялікі тэрмін. Тры месяцы на пастаноўку: застольны перыяд – так акцёры называюць чыткі матэрыялу, і менавіта выхад на пляцоўку. Але да канчатковага варыянту прыйшлося прайсці міннае поле, як і ў самой п'есе. Паралельна з гэтай працай да паказу рыхтавалі яшчэ і «Дзве душы» Гарэцкага, дзе задзейнічана амаль уся трупа. Таму акцёрам прыходзілася ў адзін рэпетыцыйны час знаходзіцца адразу ў некалькіх купалаўскіх залах. У такім рытме нараўне з моладдзю працавалі народныя і заслужаныя артысты.

Студэнцкая пастаноўка з усіх бакоў. Гэтым разам дыпломная праца не толькі для рэжысёра, але і для мастакоў. Сцэнаграфію і касцюмы да прэм'еры падрыхтавалі студэнты Барыса Герлавана – галоўнага афарміцеля спектакляў Купалаўскага.

Непрыметна для гледача ў зале, акрамя асноўнай публікі, таксама і камісія тэатральных майстроў. Экзаменатары ацэньваюць пастаноўку маладога рэжысёра з прафесійнага боку.