На сцэне Палаца Рэспублікі - сумесны гала-канцэрт аўстрыйскіх музыкантаў і Прэзідэнцкага аркестра Беларусі

10 ноября 2016

У гэтыя хвіліны на сцэне Палаца Рэспублікі ў Мінску завяршаецца сумесны гала-канцэрт аўстрыйскіх музыкантаў і Прэзідэнцкага аркестра Беларусі. Даюць класіку.

Салісты Венскай дзяржаўнай оперы прапануюць лепшыя творы Штрауса, Кальмана, Легара, Бетховена і Мендэльсона. У беларускай публікі таксама з'явілася ўнікальная магчымасць пачуць легендарнага скрыпача і канцэртмайстра Венскай філармоніі Райнера Хонека. Музыкант прывёз у Мінск скрыпку "Экс-Хамель" работы славутага Антоніа Страдывары. Інструмент коштам некалькі мільёнаў долараў дадзены для выступлення нацыянальным банкам Аўстрыі.

Такога аўтарытэтнага прадстаўніцтва аўстрыйскіх класічных музыкантаў Мінск яшчэ не бачыў. Сённяшні канцэрт праходзіць у рамках аўстрыйскага культурнага сезона ў Беларусі. На чарзе яшчэ некалькі ўнікальных канцэртаў, кінапаказы, літаратурныя сустрэчы, а таксама ўдзел аўстрыйскіх акцёраў у тэатральным форуме "М.@rt.кантакт" у Магілёве.