На сцэне Белдзяржфілармоніі прайшоў вечар "Больш чым вясна"

22 апреля 2016

Акадэмія музыкі ідзе ў народ. Ужо традыцыяй становяцца выступленні студэнтаў музычнай ВНУ на незвычайных пляцоўках з незвычайным рэпертуарам. На сцэне Белдзяржфілармоніі прайшоў вечар пад сімвалічнай назвай "Больш чым вясна"

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Зламалі ўсе стэрэатыпы: аркестр з трох дзясяткаў класічных гітар; хор, што танцуе пад "Вестсайдскую гісторыю", і мадэрн-балет у дуэце з класічным "Стэнвэем". У Год культуры кансерваторыя стала некансерватыўнай. Амерыканская, японская, французская музыка прагучала ў наватарскай падачы. На моладзевым музычным сленгу.

Паўтары гадзіны без антракту - адзіны музычны спектакль. Не толькі выканальніцтва, але і артыстызм кансерваторцы гатовыя паказаць і да Міжнароднага дня абароны дзяцей,

Падагульніўшы адыходзячы навучальны год, Беларуская акадэмія музыкі ўжо думае аб наступных праектах. Так, восенню кансерваторыя арганізуе вялікі міжнародны тур, прысвечаны юбілею Віктара Роўды. Запланаваны і шэраг дабрачынных і сацыяльных акцый.

У нотнай папцы ў акадэміі і міжнароднае супрацоўніцтва. Майстар-класы і праекты з кансерваторыямі Варшавы, Будапешта, Рыгі і персанальна з ганаровымі гасцямі - Башметам, Співаковым.

"Вечар кансерваторыі", адкрытая творчая справаздача музычнай ВНУ, - традыцыя дастаткова маладая: у Беларусі ёй 6 гадоў. Яна задзейнічае ўсіх без выключэння студэнтаў (ад першакурснікаў да выпускнікоў), выкладчыкаў, прафесуру.