На руінах Навагрудскага замка ідзе працэс кансервацыі

24 июля 2015

Яшчэ трэба будзе паставіць кропку і ў вырашэнні пытання аднаго з самых вядомых турыстычных аб'ектаў Беларусі - Навагрудскага замка. Да нашых дзён дайшлі руіны толькі дзвюх вежаў гэтай цытадэлі. Пад пагрозай абвальвання яны знаходзіліся яшчэ стагоддзе таму. Зараз, паводле дзяржпраграмы "Замкі Беларусі", на руінах у Навагрудку ідзе працэс кансервацыі. Гэта значыць - захаванне аб'екта ў тым выглядзе, у якім ён дайшоў да нашых дзён. Гэтая тэма выклікала шырокую дыскусію - адны адкрыта абураюцца гэтым працэсам, а другія прыводзяць довады, што гэта адзінае выйсце захаваць старажытны помнік. Меркаванні выслухала і Алена Борматава.

Ратаваць руіны пачалі яшчэ на пачатку нулявых. Хуткая дапамога ў захаванні архітэктурнай спадчыны магла прывесці да знішчэння аб’екта. Таму абралі прынцып не шокавага аднаўлення. Дзесяцігоддзі руплівых даследаванняў - геалогія, гідралогія, тэхнічны стан вежаў, падмуркаў. Плюс вопыт замежных калег і вывучэнне сучасных кансервацыйных методык. Канцэпцыя праекта – захаваць рэшткі Навагрудскага замка як трывалую руіну.

Упершыню ў сусветнай практыцы падчас аднаўлення помнікаў архітэктуры быў выкарыстаны новы метад замацавання вежы – распрацавана прасторавая металічная канструкцыя. Яе можна бачыць і зараз. Але хутка жалезныя рыштаванні здымуць. Інжынернае ноу-хау выкарыстоўвалі дзеля бяспекі людзей – звычная для нас руіна вежы была ў аварыйным стане. У любы момант яна магла рухнуць у роў. Для ўмацавання грунту і падмуркаў было зроблена звыш ста свідравін.

Кансервацыю правялі на адной з дзвюх існуючых вежавых руін – Касцельнай вежы. Як раз яна і выклікала дыскусію, асноўным пунктам якой стала страта аўтэнтычнасці.

Рэшткі старажытнай цэглы цалкам захавалі, іх як бы ўплялі ў сучасны матэрыял. Гэта адзіны выхад захаваць руіну – іншага метаду ў сусветнай практыцы не існуе. Цагліны адрозніваюцца колерам. Гэта зроблена спецыяльна. Каб з лёгкасцю можна было адзрозніць матэрыял 14 стагоддзя ад матэрыялаў 21-га.

Рэч у тым, што звычайную цэглу выкарыстоўваць нельга. Вытворчасць спецыяльный – рэстаўрацыйнай - у Беларусі не наладжана. Толькі адзін камбінат згадзіўся на эксперыментальную вытворчасць. Першы вопыт – Нясвіжскі палац.

Навагрудскі замак нават стагоддзі пасля разбурэння выкарыстоўваўся. Сюды вывозілі смецце з горада. Будаўнічыя рэшткі і матэрыялы розных гарадскіх пабудоў, разбураных падчас ваенных кампаній. Сёння мы бачым Навагрудскае замчышча крыху ўзвышаным ў бок кургана Міцкевіча. Гэта не натуральнае ўзвышэнне. Яно ўтварылася за кошт вывезенага смецця.

Перыметр замка абазначаць абарончымі сценамі. Тым самым аднавіць гістарычную тэрыторыю замка, які б стаў рэзідэнцыяй першага і апошняга караля. А яшчэ малавядомы факт - абазначаць перыметр старажытнай царквы. Фундаменты якой раскрылі яшчэ ў 50-ых гадах ленінградскія археолагі.