На радзіме Марка Шагала адзначаюць стагоддзе са дня вяселля майстра і яго ўмілаванай

25 июля 2015

Ёсць на што паглядзець сёння ў Віцебску. Паўтары сотні артыстаў, дзясяткі метраў белай арганзы і адважная фантазія рэжысёраў. На радзіме Марка Шагала адзначаюць стагоддзе са дня вяселля майстра і яго ўмілаванай Белы Разенфельд. Яна першай паверыла ў Шагала, стала яго музай, а ён увекавечыў яе на сваіх палотнах. З гэтай нагоды ў Віцебску "Вясельная феерыя". Для ўсіх закаханых, як на вядомай карціне мастака, законы гравітацыі не дзейнічаюць.

Расказвае Вольга Маслоўская: Гісторыю іх кахання ведаюць ва ўсім свеце. Марк і Бела. Гэта яе рысы ў тварах амаль усіх намаляваных Шагалам жанчын. Яны пазнаёміліся летам 1909 года - гімназістка і малады, нікім не прызнаны мастак. Бела адна з першых зразумела Шагала, паверыла ў яго і стала яго музай.

150 артыстаў, дзясяткі метраў белай арганзы, галубы і адважная фантазія рэжысёраў - перфоманс на беразе Дзвіны адкрыў "Вясельную феерыю". У небе над Віцебскам - закаханыя. Як на карціне майстра. Сёння тут не працуюць законы фізікі. Нават час звярнулі назад. Бацькоўскі дом Шагала, хупа - вясельны балдахін - і цырымонія шлюбу двух закаханых - Марка і Белы.

На вяселлі Шагала і Белы гуляла паў-Віцебска. Мастак успамінаў: над нашымі галовамі імкліва ляталі анёлы, а горад стаў падобны на адзін вялікі вясельны стол.

Абрад правёў спецыяльна запрошаны з Мінска рабін. Маленькі панадворак дома-музея Марка Шагала ледзь змясціў усіх гледачоў.

У дні "Вясельнай феерыі" ў Віцебску вырашылі заручыцца 24 пары. Анастасія і Ігар Паўлоўскія ўжо гадзіну, як муж і жонка. На доўгае шчасце выкананыя ўсе вясельныя традыцыі і прыкметы.

Пакуль маладым крычалі "Горка!", будучыя нявесты спяшаліся на паказ вясельных сукенак. Дэфіле па бруку старажытнага горада ў шлюбных уборах ад віцебскага дызайнера. У трэндзе не белае і не колер "пырскі шампанскага", у модзе - індывідуальнасць.

Каханне і прыгажосць Шагал лічыў адзіным, што здольнае даць сэнс жыццю і мастацтву. Аб творчасці мастака гаварылі сёння на традыцыйных Міжнародных Шагалаўскіх чытаннях. У Віцебску яны праходзяць з 91 года.

Пятнаццаць дакладчыкаў - гэта навукоўцы з пяці краін свету - прыехалі ў Віцебск. Усе аднадушныя ў адным: пра Шагала можна гаварыць бясконца, але зразумець да канца рэальна толькі пабываўшы ў Віцебску, дзе не працуюць законы фізікі.