На радзіме Адама Міцкевіча адкрылася выстава з фондаў музея паэта ў Парыжы

13 июля 2015

Гэтымі днямі асабліва прывабным для турыстаў стаў і беларускі Навагрудак. На радзіме Адама Міцкевіча адкрылася выстава з фондаў музея паэта ў Парыжы. Культурны праект атрымалася рэалізаваць дзякуючы намаганням беларускага пасольства ў Францыі. У выніку ў нашу краіну прывезлі арыгінальныя гравюры да твораў паэта, якога сваім лічаць адразу некалькі народаў. Аб "Прароку свайго часу" раскажа Алена Борматава.

45 сотак, дзе ступала нага Міцкевіча. Дом-музей паэта - Мека для народаў адразу некалькіх краін - там, дзе Міцкевіча лічаць сваім, - Беларусі, Польшчы, Літвы. Прыжыццёвая спадчына прарока свайго часу на яго радзіме - у Навагрудку - гэта ўсяго дзевяць выданняў. Астатняе – раскідана па замежных зборах, у тым ліку і ў Францыі.

Першы крок па вяртанні артэфактаў зроблены. Парыжскі музей Міцкевіча часова расстаўся з часткай сваёй калекцыі. 16 арыгінальных гравюр 19-га стагоддзя да твораў “Гражына”, “Конрад Валенрод” і “Пані Твардоўская” да снежня будуць выстаўляцца ў Навагрудку.

Гравюры на медзі Станіслава Лукомскага па малюнках Антонія Залескага стваралі да познаньскіх выданняў Міцкевіча больш чым 150 гадоў таму - гэта толькі частка парыжскіх шэдэўраў.

Сёння Міцкевіча ў першую чаргу мы ўспрымаем як паэта-прарока свайго часу. І на другі план чамусьці адыходзіць Міцкевіч-гісторык, які чытаў курс лекцый у знакамітай Калеж дэ Франс. Пасля смерці паэта, у Парыжы, у пачатку 20-га стагоддзя асобным зборнікам быў выдадзены яго курс лекцый пад агульнай назвай “Славяне”.

Партрэт Міцкевіча на крымскай гары Аю-Даг мастак Ваньковіч ствараў паралельна яшчэ з адным партрэтам – піяністкі Марыі Шыманоўскай – цешчы паэта. Яна выступала для каралеўскіх асоб у Берліне і Лондане. Гётэ прысвячаў ёй свае творы. А канцэрты ў Санкт-Пецярбургу наведвалі Глінка, Пушкін, Агінскі і Міцкевіч. Арыгінал партрэта сёння – у парыжскім музеі Міцкевіча недалёка ад знакамітага Нотр-Дам дэ Пары. Беларуская копія – работы нашага мастака Віктара Альшэўскага.

Чацвёрты твор - “Пан Тадэвуш” - у Навагрудку прэзентавалі беларусы. Спектакль Купалаўскага тэатра давалі ў мастацкай галерэі Качана. Ставілі яго і ў Парыжы.