На "Праменад" запрашае ў гэтыя выхадныя Ларыса Гулякевіч

10 мая 2019

Падарожжа ў XIX стагоддзе са Станіславам Манюшкам, аперэта "Лятучая мыш" і балет з маленькімі артыстамі "Спячая прыгажуня". На "Праменад" па культурных падзеях запрашае ў гэтыя выхадныя  Ларыса Гулякевіч.

Беларусь працягвае святкаваць 200-годдзе з дня нараджэння кампазітара Станіслава МанЮшкі. Экспазіцыя «Падарожжа ў XIX стагоддзе» пачынаецца ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Менавіта ў гэтым будынку і жыла некаторы час знакамітая сям'я.

Вядомы кампазітар, аўтар першай беларускамоўнай оперы "Ідылія" ("Сялянка" 1852 года), аперэт і балетаў, стваральнік польскай нацыянальнай оперы, класік вакальнай лірыкі,  Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў фальварку Убель на Міншчыне, але некаторы час яго сям'я жыла менавіта ў гэтым доме-музеі.

У рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі з'явіўся незвычайны па жанры спектакль – аперэта "Лятучая мыш". Знакаміты твор Іагана Штрауса ўжо ставіўся ў тэатры 60 гадоў таму. Сучасная пастаноўка зроблена міжнароднай камандай. А ўзначаліў работу творчай міжнароднай групы мастацкі кіраўнік аперэты Міклаш Габар Керэньі. Яго "мышы" лётаюць на вядучых сцэнах свету. Дзеля ўвасаблення на беларускай пляцоўцы было напісана арыгінальнае лібрэта, а мастачка стварыла больш за дзве сотні тэатральных строяў. Таксама было прыдумана складанае афармленне падмосткаў: фантан, ванная і нават басейн, але з несапраўднай вадой. Спецэфектаў шмат – справа за ацэнкай прыхільнікаў музычных жанраў.

А дзіцячы балет «Спячая прыгажуня» на чароўную музыку Чайкоўскага - грунтоўная праца балетнай школы пад кіраўніцтвам Марыны Вежнавец. Галоўныя ролі выконваюць зусім юныя артысты харэаграфіі. Спектакль пройдзе ў суботу на сцэне Палаца прафсаюзаў.

У спектаклі, якому ўжо 6 гадоў, бяруць удзел больш за 50 юных артыстаў. Самым маленькім балерынам  5 гадоў. Многія з артыстаў - шматразовыя лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Чароўная музыка Пятра Ільіча Чайкоўскага, яркія дэкарацыі, касцюмы, цікавы казачны сюжэт  ствараюць на сцэне Палаца прафсаюзаў незвычайнае відовішча. У спектаклі шмат новых разнапланавых роляў. Акрамя Прынца і Прынцэсы, тут расцвітае ў танцы Фея Бэзу, ёсць  Фея Шчодрасці са сваёй світай, Пяшчоты, Смеласці, а таксама Кот і Кошачка, Чырвоны Капялюшык ды Воўк і Сіняя птушка.

Кінафестываль "Паўночнае ззянне", які штогод знаёміць з мастацкімі і дакументальнымі фільмамі Паўночнай Еўропы і краін Балтыі, пачынае сваю работу сёння і завершыцца 17 мая. 

Прыемных выхадных!